Ва ўкраінскай Вялікай Севярынцы адкрылі мемарыяльную дошку Васілю Быкаву

Фота Пасольства Беларусі ва Украіне

Менавіта ў баях за гэту вёску будучы пісьменнік быў цяжка паранены і нават лічыўся загінулым.

У мерапрыемстве ўзяў удзел пасол Беларусі ва Украіне Ігар Сокал, кіраўнік Вялікасевярынаўскай аб’яднанай тэрытарыяльнай абшчыны Сяргей Леўчанка, старшыня Кіраваградскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Васіль Бондар, ініцыятар адкрыцця мемарыяльнай дошкі Мікалай Сергіенка, загадчык Музея імя Васіля Быкава Вялікасевярынаўскай агульнаадукацыйнай школы Галіна Губенка, кіраўніцтва школы і вучні, паведамляецца на сайце пасольства Беларусі ва Украіне.

Ігар Сокал уручыў ганаровыя граматы пасольства прадстаўнікам вёскі. У Вялікай Севярынцы глыбока шануюць памяць пра Васіля Быкава.

Фота Пасольства Беларусі ва Украіне

Падчас Кіраваградскай аперацыі лейтэнант Васіль Быкаў камандаваў узводам 339-га стралковага палка і ўдзельнічаў у кровапралітных студзеньскіх баях 1944 года пад Кіраваградам, дзе, як адзначаў ён сам, «загінуў амаль увесь яго батальён, магчыма, нават і ўвесь полк». У баях за Вялікую Севярынку Васіль Быкаў быў цяжка паранены.

Памылкова ён быў запісаны як загінулы і значыўся пахаваным у брацкай магіле ў вёсцы. Пра гэта тады паведамілі яго родным. Праз 20 гадоў пасля вайны Васіль Быкаў прыехаў на месца баёў. Падзеі пасля ранення паслужылі асновай яго аповесці «Мёртвым не баліць».

У Вялікай Севярынцы ёсць вуліца імя Васіля Быкава, музей яго імя ў Вялікасевярынаўскай агульнаадукацыйнай школе, куток Васіля Быкава ў сельскай бібліятэцы. А цяпер з’явілася мемарыяльная дошка.




Наша Ніва