Валеру Дубоўскаму — 70!


Валеры Дубоўскі – нарадзіўся 4.06.1948 г. у вёсцы Хацькова Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сям’і настаўнікаў. Бацькі пасля выкладчыцкай працы ў Жукнеўскай сярэдняй школе Талачынскага раёна пераехалі жыць у Оршу ў 1959 г.

У 1966 г. у гэтым горадзе скончыў сярэднюю школу № 10 імя К. С. заслонава і паступіў на філалагічны факультэт БДУ імя У. І. Леніна. Служыў у Савецкай Арміі ў 1968 – 70 гадах, дзе быў узнагароджаны медалём.

Працягнуў вучобу завочна на факультэце журналістыцы БДУ, які скончыў у 1976 г. З 1970 г. працаваў у рэдакцыях раённых газет „Днапроўская праўда” (г. Дуброўна), „Красное знамя” (г. Ашмяны) – літаратурным супрацоўнікам, загадчыкам аддзелаў, адказным сакратаром. У 1978 г. прызначаны рэдактарам газеты „Полымя” (г. п. Карэлічы).

Пасля вучобы ў 1980 – 82 гг. у Мінскай вышэйшай партыйнай школе – загадчык аддзела, намеснік рэдактара абласной газеты„Мінская праўда”. У 1987 – 1989 гг. – інструктар ідэалагічнага аддзела ЦК КПБ. У 1989 г. выбраны на конкурснай аснове дырэктарам выдавецтва „Беларусь”. Адначасова на грамадскіх пачатках з’яўляўся старшынёй савета дырэктараў дзяржаўных выдавецтваў, старшынёй праўлення рэспубліканскага таварыства „Кніга”.

З 1993 г. – прадпрымальнік, дырэктар камерцыйных прадпрыемстваў, з 1995 г. – заснавальнік, кіраўнік, галоўны рэдактар, старшыня сходу акцыянераў выдавецтва і друкарні „Юніпак”. Упершыню ў краіне выдавецтва перавыдала „Катэхізіс” Сымона Буднага, Біблію („Пяцікніжжа”) у перакладзе на беларускую мову айца Уладзіслава Чарняўскага, „Гіпіку” Крыштофа Монвіда Дарагастайскага.

Першыя паэтычныя спробы зроблены яшчэ ў пачатковай школе. У старэйшых класах некаторыя вершы адзначаліся на радыё – у праграме „Рамантыкі”. Літаратурную творчасць прыпыніў у васьмідзесятыя годы і вярнуўся да яе ў 2003 г. 

Прафесійна займаецца дызайнам, фатаграфіяй, мае публікацыі, персанальныя выставы. Аматар музыкі, жывапісу, спорту. Некаторы час працаваў акампаніятарам у піянерскім лагеры, мастаком-афарміцелем на прадпрыемстве, у доме культуры, мастацкай майстэрні. З 1977 г. з’яўляецца членам Саюза журналістаў СССР.

Вершы публікаваліся ў часопісе „Дзеяслоў” (№ 52), газеце „Новы час”, у карпаратыўным насценным перакідным календары „Лялькі, альбо музыка кахання” (у 2009 г. – пераможца ў Рэспубліканскім конкурсе „Мастацтва кнігі” у сваёй намінацыі). У траўні 2013 г. выйшла ў свет кніга паэзіі „На пачатку маўчання”. У 2017-м - "Родавыя аскепкі неба".

Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра віншуе спадара Валера з юбілеем, зычыць добрага настрою, моцнага здароўя і натхнення на новыя творы!


Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"