Іван Лепешаў: «Гараватка» Кастуся Акулы

Сярод празаікаў беларускай эміграцыі Кастусь Акула (Алесь Качан) — найбольш таленавіты і вядомы пісьменнік. Нарадзіўся ён 16 кастрычніка 1925 года ў заходнебеларускай вёсцы Верацеі на Глыбоччыне (цяпер Докшыцкі раён). Бацькі мелі 16 гектараў ворнай зямлі і васьмёра дзяцей.

Алесь вучыўся ў польскай пачатковай школе, а пасля ў савецкай дзесяцігодцы. У часе нямецкай акупацыі скончыў у Глыбокім шасцімесячныя настаўніцкія курсы і нядоўгі час настаўнічаў. Пасля вучыўся ў восьмым (апошнім) класе Віленскай беларускай гімназіі. Увосень 1943 года ў Мінску трапіў у нямецкую аблаву і адсядзеў 4 месяцы ў турме і канцлагеры на Камароўцы. У чэрвені 1944-га паступіў у Мінскую школу камандзіраў Беларускай краёвай абароны, а праз некалькі тыдняў разам з гэтай школай пакінуў Мінск. У жніўні перайшоў да французскіх партызанаў, а ў снежні ў Італіі ўступіў у Другі польскі корпус Брытанскай 8-ай арміі. Удзельнічаў у баях з гітлераўцамі на Апенінскім паўвостраве, узнагароджаны англійскім медалём «За вайну» і залатой Зоркай Італіі. Пасля вайны да красавіка 1946 года вучыўся ў англійскай школе падхарунжых танкавых войск, затым служыў у Італіі, а ў чэрвені 1947-га выехаў у Канаду. Там працаваў на ферме, зарабляў на жыццё ў прамысловых кампаніях.

 Жывучы ў Таронта, актыўна ўдзельнічаў у беларускай грамадскай працы. Рэдагаваў штомесячную газету «Беларускі эмігрант», а пасля часопіс  «Зважай», шмат часу аддаў журналістыцы і літаратурнай працы. Апублікаваў у Канадзе раманы «Змагарныя дарогі» (1962),  «Заўтра ёсць учора» (1968), «За волю» (1991), зборнік прозы, паэзіі, драматургіі «Усякая ўсячына» (1984), трылогію «Гараватка» (кн. 1, 1965; кн. 2, 1974; кн. 3, 1981).

Улетку 1992 года Кастусь Акула «амаль праз паўстагоддзя вымушанага расстання з Бацькаўшчынай зноў ступіў на родную зямлю» (У. Арлоў), пабываў у радзімых мясцінах, у Полацку, Мінску. Прыязджаў ён у Беларусь і яшчэ неаднойчы. 29 студзеня 2008 года перастала біцца сэрца выдатнага пісьменніка і нязломнага змагара за незалежную Айчыну...



Калі ў Расіі і Украіне выдадзены ўсе ці амаль усе творы іхніх пасляваенных эмігранцкіх пісьменнікаў і ўведзены як яго адметная і арганічная частка ў агульнанацыянальны кантэкст рускай ці ўкраінскай літаратуры ХХ стагоддзя, то пра нашу краіну гэтага не скажаш. У нас усё не так, як у людзей. З твораў К. Акулы ў нас пабачылі свет толькі «Змагарныя дарогі».

Гэты дакументальны раман, дзе ў вобразе Сымона Спарыша ўгадваецца сам аўтар, я чытаў у 1994 годзе, а цяпер перачытаў другі раз. Яшчэ большае, незабыўнае ўражанне засталося ў мяне ад трылогіі «Гараватка». А трапіла яна да мяне зусім выпадкова — ад студэнткі-завочніцы, якая «скачала» кнігу з Інтэрнэту…

У К. Акулы, як вядома з яго ліставання, было чацвёра дзетак, «пастаянна хворая» жонка. Сам ён працаваў 5 дзён у тыдзень на фабрыцы па 12 гадзін у суткі, а вярнуўшыся дамоў, імкнуўся «напісаць хоць бы адну старонку за дзень».

Суб’ектыўны ж фактар, талент мастака пераадольваў аб’ектыўныя цяжкасці, перашкоды. Пісьменнік рэальна адлюстроўваў у мастацкіх вобразах тое, што бачыў на свае вочы, што перажылі ён, яго бацькі, суседзі. Зыходнымі прынцыпамі яго мастакоўскіх адносін да рэчаіснасці былі шчырасць і праўдзівасць. Майстэрства К. Акулы бачыцца ва ўсім: у вастрыні канфліктаў, напружаным драматызме сюжэта, яркасці характараў і ў мове. У «Гараватцы» кожны эпізод, дэталь, асобны штрых, пейзажны малюнак — усё гэта неабходныя часткі твора. Тут няма нічога лішняга, не звязанага з задачай, якая пранізвае ўсю мастацкую задуму — схіліць чытача на бок таго ці іншага разумення, той або іншай ацэнкі розных бакоў рэчаіснасці. 

У трылогіі сотні персанажаў, і ўсе яны непадобныя адзін на другога сваімі дзеяннямі, паводзінамі і мовай. У цэнтры ж твора — сям’я Бахмачоў (бацька, маці, брат Янука і сам Янук Бахмач — галоўны персанаж трылогіі).

Пра жыццё заходнебеларускага сялянства «за польскім часам», а таксама ў 1939-1944 гады пісалі многія беларускія пісьменнікі. Прыгадаем, напрыклад, раманы Вячаслава Адамчыка «Чужая бацькаўшчына», «Год нулявы», «І скажа той, хто народзіцца», «Голас крыві брата твайго». К. Акула ж, у адрозненне ад савецкіх аўтараў, якія пісалі на гэтую ж тэму, «у выяўленні сваіх поглядаў і ацэнак не быў скаваны ніякімі ідэалагічнымі догмамі і цэнзурнымі перашкодамі» (У. Арлоў).

Назвы кніг трылогіі — сімвалічныя. Першая называецца «Дзярлівая птушка», што выклікае асацыяцыю з польскім гербам — «ожэл бялы». Кніга пачынаецца з апісання, як хлопчык Янук Бахмач пасе статак («хвастоў за пятнаццаць») асадніка пана Лазоўскага. Бацька Янука мае «малаўраджайны клінок зямлі з трох гектараў», які «не выкарміць, не апране і не абуе». У кнізе дзясяткі розных эпізодаў з жыцця сялян вёскі Літоўцы. Беднасць, галеча, бяспраўе… Янукову маці застрэліў наглядчык панскага лесу за назбіраныя там ягады; бацьку, ні ў чым не вінаватага, па наводцы мясцовага злыдня Сабакевіча, арыштавала паліцыя, збіла «чуць не на смерць». Паказана нацыянальная маласвядомасць сялян: «праваслаўная часць беларусаў была для імітатараў-палякаў «рускімі»; і святкі, гэтакім чынам, не называлі каталіцкімі ці праваслаўнымі, але «рускімі» і «польскімі». Канчаецца першая кніга апісаннем, як у пачатку верасня 1939 года «пад саламяныя стрэхі прыляцела вестка, што немцы пачалі ўжо панскую Польшчу дзяўбці», і як адпраўляюць навабранцаў на ваенную службу.

У першай кнізе, як і ва ўсёй трылогіі, ёсць шэраг вобразаў-сімвалаў, найперш гэта гара Гараватка — узвышша, што ляжыць у ваколіцах вёскі Літоўцы і асацыюецца ў свядомасці аўтара і яго героя Янука з усёй Беларуссю. Яна жыве «ў мясцовых легендах і казках, глыбока ўрасла ў народную гісторыю», яна параднілася з «горам», «гараваць» і «іншымі выводнымі абазначэннямі». Гараватка трымае на сваіх плячах людзьмі празваны Архіпам дуб-волат, аб грудзі якога «разбіваліся вятры і непагадзь цэлых стагоддзяў», які «помніў Баторыя і Івана Грознага, сачыў за шведамі і Напалеонам», чуў галасы паўстанцаў Кастуся Каліноўскага.

Нібы родным братам дуба Архіпа выступае стогадовы дзед Якуб, які быў для вяскоўцаў «такім самым завяршэннем і прыметай, як Архіп для Гараваткі». Стары селянін-гаротнік дзед Якуб у частых размовах з Януком Бахмачом адкрыў яму вочы на гераічную і трагічную мінуўшчыну нашага краю, навучыў задумвацца і самому шукаць адказы на надзённыя жыццёвыя пытанні.

Другая кніга трылогіі мае сімвалічную і шматзначную назву — «Закрываўленае сонца». Тут адлюстравана жыццё вяскоўцаў у бальшавіцкім «раі», пад «сонцам Сталінскай канстытуцыі» — з восені 1939-га да лета 1941 года. Вераснёўскім днём  «з гасцінца і з лесу, з савецкіх танкаў і аўтамашынаў гучэла, разлівалася па прасторы магутнае слова: вызваленне».  «Яно прынесці мела зямлю і волю». Праз некалькі дзён — агульны сход вяскоўцаў у школьным будынку. Бальшавіцкі камісар доўга «гаварыў малазразумелай мовай» пра вызваленне «ад польскага іга», «доблесную рабоча-сялянскую Чырвоную Армію», «мудрага айца ўсіх народаў, велічайшага таварышча Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна»…

 Праўдзіва апісана падрыхтоўка да выбараў «дзіпутатаў у народны сход», што мае адбыцца ў Беластоку. Прысутнічае ў зале і той самы камісар. «Многа каторыя вушам сваім не верылі, ды ніхто супярэчыць не асмеліўся», калі кандыдатамі ў дэпутаты былі названы два «вясковыя злыдні» Шпунт і Сабакевіч, якія цяпер верхаводзілі ў вёсцы. У другой кнізе трылогіі ёсць шмат іншых эпізодаў пра дзеянні «народнай улады»: вялізныя чэргі па хлеб, соль, газу, цукар, перапіс у кожнага гаспадара ўсёй яго маёмасці — зямлі, жывёлы, птушак (каб пасля абкласці падаткам), дэманстрацыя з нагоды гадавіны «Вялікага Кастрычніка», начныя арышты асаднікаў, леснікоў, іншых «ворагаў народа» ды вываз іх у Сібір, беспадстаўны арышт Антося Дзеркача і яго катаванне, закрыццё і разбурэнне рукамі «ваінствуюшчых бязбожнікаў» царквы ды касцёла, прымусовая здача дзяржаве «лішкаў мяса, збожжа, яек, малака, мёду і іншага», раскулачванне багацейшых сялянаў, спроба стварыць калгас імя Чапаева.

У трэцяй кнізе трылогіі апавядаецца пра падзеі перыяду нямецка-савецкай вайны 1941–1944 гадоў. Кніга называецца «Беларусы, вас чакае зямля». Вялізныя, прыгожа аформленыя плакаты пад такім жа загалоўкам бачыў Янук і іншыя вяскоўцы ў мястэчку Гаці, дзе ўжо ўсталёўвалася ўлада немцаў — новых «вызваліцеляў». Янук чуе, як некаторыя местачкоўцы рэагуюць на фашыстоўскія абяцанкі: «— Паглядзі, што унь пішуць: Беларусы, вас чакае зямля. От як! — Ага, чакае. Тры метры на паўтара на кожнага!» «Нялюдскасць сваю акупант як бы наўмысна паказваў штодзённа і ўсюды. Жахлівае расчараванне «новым парадкам» дыханне адбірала». Карнікі, нібыта за сувязь з савецкімі партызанамі, спалілі вёску Залатуху і ўсіх яе жыхароў. Да сялян даходзілі чуткі, што гітлераўцы «за забойства аднаго немца робяць аблаву і расстрэльваюць па сто саўсім нявінных людзей».

Паказана, як на другім годзе вайны ў Гаравацкай пушчы з’явіліся савецкія партызаны, як яны ноччу прыходзілі ў вёску, рабавалі сялян, забіралі ўсё, што ім хацелася. А бывала і так, што ў дзённы час у гэтую ж вёску ўступалі ўласаўцы або «нейкая новая расейская фармацыя» пад камандай палкоўніка Гіль-Радзівонава. Пра гэта «нікчэмнае войска» казалі, што яно «рабуе мясцовае насельніцтва і больш гуляе, чымся змагаецца з бальшавіцкімі бандамі».

На старонках кнігі адлюстравана, як пад уплывам усяго бачанага, пад уздзеяннем старэйшых таварышаў, дзеда Якуба, Антося Дзеркача, настаўніка Сабалеўскага і іншых сталее і духоўна расце галоўны персанаж трылогіі Янук Бахмач. Шчыры беларус-падпольшчык Падгайскі аднойчы сказаў яму: «Ты начытаўся многа і нешта пішаш, дык, магчыма, прыдбаў гэту аграмадную цэннасць аб’ектыўнага разважання сам сваімі намаганнямі». Янук пераканаўся, што «немцы, як і палякі ці маскалі, прыйшлі на гэтую пакрыўджаную зямлю як рабаўнікі, новыя паны, махляры, прыгнятальнікі». Пасля чатырохмесячнага зняволення ў нямецкай турме і абнадзейлівай, натхняльнай сустрэчы-размовы са старэйшым паплечнікам па духу Падгайскім, ён вяртаецца ў бацькоўскую хату. «Акрылены духам сын» цяпер ведае адказ на пытанне: хто ж мы ёсць? «Ці мы сапраўды «хамы» і парабкі, ніжэйшыя істоты, гной для росту чужынцаў, рабы паслухмяныя без нацыянальнае прошласці, свайго собскага «я», ці, наадварот, мы — стары ў гісторыі, слаўны народ, з вялікай і пакутлівай, цяжка пройдзенай дарогай, са старой і багатай культурай, слаўнымі традыцыямі, але часова чужой брутальнай сілай на калені пастаўленыя, ды не зламаныя яшчэ таму, бо нягледзячы на ўсялякае ліха, годнымі і непакорнымі ў сваіх душах і сэрцах засталіся. Так…»



Няма сумнення, што амаль кожны, хто прачытае гэтую трылогію, калі толькі ён не зачарсцвелы, закаранелы «савок» з каланіяльнымі мазгамі, дык таксама знойдзе, як і Янук Бахмач, адказ на пытанне: хто ж мы ёсць?

 Кастусь Акула марыў і спадзяваўся, што ягоная «Гараватка», напісаная крывёю сэрца, дойдзе да чытача на Айчыне. Але пасля выхаду ў 1994 годзе яго «Змагарных дарог» рэзка змянілася ў Беларусі, кажучы словамі Мікіты Зноска, «палітычная сітуацыя». «Гараватка» так і не выдадзеная ў нас да сённяшняга дня…

 

"Літаратурная Беларусь" № 72