Івану Пташнікаву 80 гадоў!

Сёння, 7 кастрычніка, 80 гадоў споўнілася Івану Мікалаевічу Пташнікаву, нашаму сучасніку, класіку беларускай літаратуры.

Дэлегацыя ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" наведала Івана Мікалаевіча і павіншавала яго з юбілеем. Дарагі Іван Мікалаевіч, хай будуць здароўе і моц трымацца, і блізкія людзі застаюцца поруч!

Прэсавая служба СБП

***

Анатоль Сідарэвіч: “Пташнікаў – пісьменьнік, ні на каго не падобны”


З Анатолем Сідарэвічам пра творчасьць Івана Пташнікава гаворыць Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Іван Пташнікаў апублікаваў свой першы празаічны твор – аповесьць “Чачык” – у 1957 годзе. З таго часу ў яго выйшла шмат твораў, паводле якіх зьняты адзін кінафільм і пастаўлены адзін тэлеспэктакль. За свае творы Іван Пташнікаў атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі імя Якуба Коласа, узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны” і мэдалём, а таксама ўганараваны званьнем “Заслужаны работнік культуры Беларусі”. А калі вы, спадар Сідарэвіч, адкрылі для сябе гэтага празаіка?”

Анатоль Сідарэвіч: “На пачатку шасьцідзесятых гадоў, калі ў “Полымі” былі надрукаваныя тры ягоныя апавяданьні – “Алёшка”, “Бежанка” і “Алені”.

Аксак: “Чым яны прывабілі вас?”

Сідарэвіч: “Тады я не сказаў бы вам, чым мне спадабаліся гэтыя апавяданьні Пташнікава, а цяпер магу: гуманізмам, нетрадыцыйным поглядам на вайну, яны былі бяз гэтага ўра-патрыятызму, без закіданьня шапкамі ды іншай падобнае дурасьці. Ужо потым, працуючы ў “ЛіМе”, я зь вялікай радасьцю прачытаў ягонае апавяданьне “Эфка”, якое ён прынёс у “ЛіМ”. А наогул хачу запярэчыць наконт таго, што Пташнікаў напісаў многа. Ён не такі пладавіты, як дзясяткі іншых аўтараў”.

Аксак: “Збор твораў Пташнікава ўключае чатыры тамы – гэта ня так і мала. І сярод іх – цэлы шэраг твораў, якія ўключаныя ў школьную праграму. У анонсе да праграмы сказана, што Іван Пташнікаў – аўтар аповесьцяў аб прыродзе, дзяцінстве, мінулай вайне, паэтызуе вёску, лес і векавечныя беларускія дубы. Ці згодныя вы з такой характарыстыкай творчасьці Пташнікава?”

Сідарэвіч: “Іван Мікалаевіч, ведаю, любіць лес, любіць прыроду, калі шырэй казаць, але зводзіць усё да гэтага нельга было б. Іван Мікалаевіч, я сказаў бы, перш за ўсё ўважлівы да чалавека, да зрухаў яго душы, да дэталёвага апісаньня яго настрою, зьмены настрою. Ён ведае, пра што піша”.

Аксак: “У 1999 годзе ў друку зьявілася ягоная невялікая аповесьць “Пагоня”. Гэта вельмі драматычны расповед пра тое, як ваўкі перасьледуюць лася. Крытык Павал Абрамовіч назваў гэты твор велічным гімнам прыродзе і параўнаў яго са “Зваўчэньнем”, вельмі папулярным раманам сучаснага чэскага пісьменьніка Антаняна Баяйі, які перакладзены на многія мовы сьвету, у тым ліку і на беларускую. Мне, як чытачу, падалося, што “Пагоня” Пташнікава – твор у першую чаргу пра нешта іншае, а потым ужо пра ваўкоў...”

Сідарэвіч: “Гэта даволі багаты на асацыяцыі твор. Але калі ўжо ісьці ад яго ўменьня апісаць норавы ваўкоў, то ўспомніце яго выдатнае апавяданьне “Львы” – пра тых сабак, якія нагадваюць ільвоў. Так ён піша пра чарнобыльскую бяду”.

Аксак: “У нядаўна праведзеным тыднёвікам “Наша Ніва” апытаньні, каго б вы назвалі сёньня Народным пісьменьнікам Беларусі, імя Івана Пташнікава ўзгаданае пяць разоў. А вы б далучылі свой голас да гэтых пяці?”

Сідарэвіч: “Я ўжо даўно і пасьлядоўна выказваюся супраць усякіх званьняў. Застанецца ў літаратуры тое, што вызначаецца эстэтычнымі вартасьцямі і гуманізмам”.

Аксак: “Што застанецца ў Івана Пташнікава?”

Сідарэвіч: “У малых жанрах, у апавяданьнях, у аповесьці “Тартак” Пташнікаў сказаў вельмі шмат, сказаў па-мастацку. У сваіх раманах, нават у той жа слыннай “Алімпіядзе”, ён вымушаны быў на многае намякаць. Пры гэтым я зусім не памяншаю ролі раманаў Пташнікава, якія выгодна адрозьніваюцца ад раманаў многіх яго равесьнікаў. Гэта пісьменьнік, ні да кога не падобны. Яго стыль ня зблытаеш са стылем іншых пісьменьнікаў. Я нават сказаў бы так: у той час, калі ў Эўропе была модная плынь сьвядомасьці, ён умеў так падаць сваіх герояў, што яны выглядалі неяк вельмі спэцыфічна. Тэарэтыкам літаратуры трэба было б папрацаваць над такою тэмаю: “Плынь сьвядомасьці і творчасьць Івана Пташнікава”. 

Паводле svaboda.org