Івашчанка: «Частку прэміі вырашыў перадаць сям’і Алеся Юркойця»

“Негалосны збор сродкаў на дапамогу Алесю ідзе ўжо даўно. Ён цяпер знаходзіцца ў складаным становішчы, колькі яно працягнецца – не ведае ніхто. – патлумачыў свой учынак Анатоль Івашчанка. – Сям’я, трое дзяцей гадуюцца без гаспадара. Варта падтрымаць чалавека, які столькі год жыцця аддаў беларушчыне, у тым ліку папулярызацыі беларускай літаратуры на Астравеччыне”.

Нагадаем, учора Анатоль Івашчанка стаў лаўрэатам прэміі “Дэбют” імя М. Багдановіча у намінацыі “Проза” за кнігу “Анаталогія”. Прэмія лаўрэату складае 2000$ у рублёвым эквіваленце.

Падследны «Валадаркі» і адзін з фігурантаў па справе карупцыі на Ашмянскай мытні, краязнаўца Алесь Юркойць знаходзіцца за кратамі ад сакавіка 2015 года. 

Літаратурная прэмія “Дэбют” імя Максіма Багдановіча заснаваная ў 2010 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам, фондам “Вяртанне” і Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Уручаецца за дэбютную кнігу аўтарам да 35 гадоў і даецца за творы ў жанрах, у якіх працаваў Максім Багдановіч: паэзія, проза, мастацкі пераклад.

Ціхан Чарнякевіч, для lit-bel.org