Васілю Жуковічу — 80!

Васіль Жуковіч, фота Радыё Свабода
Сёння святкуе дзень нараджэння вядомы беларускі паэт, перакладчык Васіль Жуковіч. Шчыра віншуем!

Васіль Аляксеевіч Жуковіч нарадзіўся 21 верасня 1939 г. на хутары Забалацце непадалёку ад вёскі Дзмітравічы (Камянеччына). Год уступлення ў пісьменніцкую суполку – 1977-ы. Намеснік старшыні таварыства “Беларусь – Украіна”.

Скончыў педагагічны інстытут у Берасці.

Працаваў у будаўнічым трэсце №8 Берасця, на абласным тэлебачанні, у рэдакцыях газетаў “Заря над Бугом”, “Знамя юности” і часопіса “Полымя”, у выдавецтвах “Мастацкая літаратура” і “Юнацтва”, у “Рэспубліканскім цэнтры эстэтычнага выхавання дзяцей”.

З 2002 г. – на творчай працы.

Васіль Жуковіч -- аўтар шматлікіх літаратурна-мастацкіх выданняў, сярод якіх зборнікі вершаў “Паклон” (1974), “Мелодыя святла” (1976), “Цана цішыні” (1985), “Разняволенне” (1990), “У храме хараства і смутку” (2003), “Кахання радасці й пакуты” (2004), “Не завіце радзіму малой” (2009), “Няўжо?..” (2011), “Золата лістападу” (2012), зборнік сатыры і гумару “Цудадзейны вітамін” (2011), кніга прозы “Арабінавая ноч” (2015).

На рахунку творцы і шэраг кніжак для дзяцей:  аповесць “Як адна вясна…” (1980), зборнікі вершаў “Гуканне вясны” (1992), Цудоўная краіна” (1997), “Свет – дзівосны” (2000), “Пра што гаманілі рамонкі” (2012), “Хто хацеў бы пакатацца?”(2014) ды іншыя.

Выходзілі і кніжкі выбраных перакладаў:  “Алішэр Наваі, лірыка” (1992), “Мой Міцкевіч” (2004), “Энергія запаветаў” -- з паэзіі Тараса Шаўчэнкі, Івана Франка, Лэсі Украінкі.

Сярод зборнікаў песняў найбольш прыкметныя – “Дарога ля жыта” (1997), музыка беларускіх кампазітараў, “Спяваем разам” (2008), “Дарогамі вайны і перамогі” (2010), музыка Алены Атрашкевіч.   

Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра віншуюць Васіля Аляксеевіча з днём народзінаў, зычаць моцнага здароўя, бадзёрага настрою, натхнення на новыя кнігі!


Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"