«100 вершаў» — з'явілася новая кніжная серыя

Калі такіх вершаў набярэцца цэлая сотня, то мы дакладна маем справу з класікам! «100 вершаў» — новая кніжная серыя выдавецтва «Мастацкая літаратура». Першая кніга серыі — «Я зноўку тут» Міхася Стральцова. Да блізкага ўжо юбілею Пімена Панчанкі выйшаў з друку другі зборнік — «Сэрца маё».

Адметнасць кніг — цікавае мастацкае афармленне. Беларускія чытачы даўно прызвычаіліся, што зборнік вершаў — гэта прывабная вокладка і «сухія» чорна-белыя старонкі. У серыі «100 вершаў» вока цешаць шматлікія ілюстрацыі: на добрую паэзію не шкада і двух дзясяткаў каляровых старонак. Для афармлення кнігі Міхася Стральцова выкарыстаны работы жывапісца, «фотарэаліста» Валерыя Шкарубы. Рэпрадукцыі карцін выдатнага пейзажыста Гаўрыіла Вашчанкі аздобілі зборнік Пімена Панчанкі.

Што падштурхнула выдавецтва запачаткаваць новую серыю? Распавядае Віктар Шніп, укладальнік зборнікаў і галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура»:

— Мы заўважылі, што фаліянты старонак на трыста, у якіх акрамя вершаў няма за што зачапіцца воку, не збіраюць патрэбныя бібліятэчныя заказы. А 200 — 300 асобнікаў для кнігарань выдаваць не выпадае. Кніжкі будуць вельмі дарагія і мала хто іх купіць. Таму мы і прыдумалі серыю «100 вершаў». Такая колькасць твораў можа змясціцца на 70 — 140 старонках. Звярнуліся ў Нацыянальны мастацкі музей з прапановай, каб гэтая серыя была нашым супольным праектам. Ідэю ў музеі падтрымалі. Мы аддаём рукапіс кнігі ў музей, і мастацтвазнаўцы вызначаюць, творы якіх мастакоў будуць добра пасаваць да вершаў.

У наступным годзе ў серыі «100 вершаў» пабачаць свет кнігі Уладзіміра Караткевіча «Беларуская песня» і Яўгеніі Янішчыц «Кахання сад і ластаўка вясны». Пакуль што ў новай серыі будзе прадстаўлена толькі класіка.

Юлія ШПАКОВА, "Звязда"