Веры Міцкевіч — 60!

Вера Міцкевіч. Фота: svaboda.org
Міцкевіч Вера Данілаўна нарадзілася ў Мінску 25 чэрвеня 1961 года. Родны дзед па лініі бацькі — народны паэт Беларусі Якуб Колас.

Скончыла Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі (цяпер — БДЭУ). У 1982—1991 гг. працавала таваразнаўцам, экспертам Бюро экспертыз Гандлёва-прамысловай палаты БССР, старшым лабарантам на кафедрах таваразнаўства. У 1991—2001 гг. — вядучы навуковы супрацоўнік аддзела фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

З 1993 года выступае ў друку з публікацыямі пра малавядомыя старонкі жыцця і творчасці Якуба Коласа.

З траўня 2006 года працуе бібліятэкарам сектара навуковых работнікаў аддзела бібліятэчнага абслугоўвання Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. Жыве ў Мінску.

Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра віншуюць Веру Данілаўну Міцкевіч з юбілеем, зычаць ёй моцнага здароўя, бадзёрага настрою, плёну ў працы і ўдзячных чытачоў!


Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"