Веснавыя дні народзінаў СБП

Паэтэса, празаік, педагог Тамара Аўсяннікава нарадзілася 24.05.1949 г. у вёсцы Сяўкі Лоеўскага раёна Гомельскай вобласці. Скончыла філфак БДУ (1971), працавала настаўніцай, бібліятэкаркай, інжынерам, метадыстам, загадчыкам крамы. Атрымала другую вышэйшую адукацыю эканаміста (Магілёўскі тэхналагічны інстытут, 1999). Першая публікацыя -- артыкул “Непрыручаная птушка”, выйшаў 1 снежня 2000 года ў газеце “Магілёўская праўда”. Аўтар лекцый для настаўнікаў-філолагаў па тэорыі вершаскладання і аналізе паэтычных твораў, артыкулаў па творчасці Н. Гілевіча і Я. Янішчыц. Піша паэзію і прозу. Аўтар кніг вершаў “Ноты сэрца” (2009), “Лістапад гадоў” (2010),  кнігі прозы “Любачка” (2011).

Дубянецкая Ірына Міхайлаўна нарадзілася 23 траўня 1964, Мінск, БССР — беларускі філосаф і тэолаг. Доктар філасофіі, доктар сакральнай тэалогіі (2005). Дачка выдаўца і пісьменніка Міхася Дубянецкага, сястра паэткі Галіны Дубянецкай. Адзіная жанчына ў Беларусі, якая мае ступень доктара сакральнае тэалогіі.

Павал Сяргеевіч Касцюкевіч – празаік, перакладчык. Першы лаўрэат прэміі імя Ежы Гедройца. Нарадзіўся 24 траўня 1979 г. у Мінску; закончыў псіхалагічна-сацыялагічны факультэт Тэль-Авіўскага Акадэмічнага каледжу; аўтар кніг “Душпастарскія спатканьні для дачнікаў” (2008), "Зборная РБ па негалоўных відах спорту" (2011), "Блог Усяслава Чарадзея" (2013) і перакладчык кніг “Кіроўца аўтобуса, які хацеў стаць Богам” Этгара Керэта (2007), “Чалавек, які скраў Сьцяну Плачу” (зборнік ізраільскіх апавяданняў), “Бойня №5, або Крыжовы паход дзетак” Курта Вонэгута (2010). У сакавіку 2012 г. стаў першым лаўрэатам прэміі імя Ежы Гедройца за зборнік апавяданняў "Зборная РБ па негалоўных відах спорту", якая была прызнаная найлепшай кнігай прозы 2011 г.

Настасся Фёдараўна Кудасава — паэтка. Нарадзілася 25 мая 1984 г. у г. Рагачове Гомельскай вобласці (Беларусь). У 2001 г. скончыла рагачоўскую сярэднюю школу № 5. У 2001-2006 гг. – студэнтка філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта па спецыяльнасці “Руская філалогія”. У 2007 г. скончыла магістратуру БДУ па спецыяльнасці “Літаратуразнаўства”. Вершы друкуюцца з 1999 г. у пэрыядычных выданнях («Наша Ніва», «ЛіМ», «Новы час», «Дзеяслоў», «Маладосць», «Верасень»), калектыўных зборніках і альманахах. Аўтар кніг паэзіі “Лісьце маіх рук” (2006), “Рыбы” (2013), "Маё невымаўля".

Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра віншуюць сяброў нашай арганізацыі з днём нараджэння і зычаць моцнага здароўя, бадзёрага настрою, натхнення на новыя кнігі!



Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"