Віктару Карамазаву — 85!

Сёння споўнілася 85 год вядомаму беларускаму празаіку, сябру Рады СБП Віктару Філімонавічу Карамазаву. Шчыра віншуем!

Карамазаў Віктар Філімонавіч нарадзіўся 27.06.1934 г. у горадзе Чэрыкаве Магілеўскай вобласці ў сям'і настаўнікаў.

Скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1958). Працаваў адказным сакратаром чэрыкаўскай раённай газеты «Сацыялістычная перамога», крычаўскай раённай газеты «Шлях сацыялізма», загадваў аддзелам у міжраённай газеце «Новае жыццё» (Крычаў). У 1962-1963 гг. - уласны карэспандэнт абласной газеты «Магілёўская праўда». З 1964 г. працаваў у газеце «Звязда» - літсупрацоўнікам, потым загадчыкам аддзела навукі, ВНУ і школ, а затым загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва. У 1969-1971 гг. быў літсупрацоўнікам, пасля загадчыкам аддзела культуры газеты «Літаратура і мастацтва», загадчыкам аддзела мастацкіх фільмаў Галоўнай рэдакцыі «Тэлефільм», сябрам сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі Беларускага тэлебачання. З сакавіка 1982 г. - загадчык аддзела публіцыстыкі часопіса «Полымя». У 1982-1986 гг. - кансультант СП БССР. Сябра СП СССР з 1969 г.

Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны». Першае апавяданне надрукаваў у 1958 г. (альманах «Советская Отчизна»). Аўтар сцэнарыяў мастацкага тэлевізійнага фільма «Зялёныя фрэгаты» (пастаўлены ў 1974) і шэрага дакументальных кінастужак. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя К.Каліноўскага (1990) за кнігу публіцыстыкі «Проста ўспомніў я цябе...».

Аўтар кніг: «Падранак». Кніга аповесцей і апавяданняў. 1968 г. «Па талым снезе». Кніга аповесцей і апавяданняў. 1973 г. «Спіраль». Кніга аповесцей і апавяданняў. 1974 г. «Вясёлка сярод зімы». Нарысы. 1978 г. «Дзень Барыса і Глеба». Кніга аповесцей і апавяданняў. 1981 г. «Дома». Кніга аповесцей і апавяданняў. 1984 г. «Дзяльба кабанчыка». Выбранае. 1988 г. «Пушча». Раман. 1979 г., экранізаваны ў 1988 г. «Глядзіце ў вочы лемуру». Аповесць-эсэ. 1989 г. «Проста ўспомніў я цябе...». Публіцыстычная проза, эсэ. 1989 г. «Бежанцы». Раман. Часопіс «Полымя», 1990 г. «Крыж на зямлі і поўня ў небе» (1991) і інш.

Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра віншуюць Віктара Філімонавіча Карамазава з днём нараджэння і зычаць моцнага здароўя, добрага настрою, натхнення на новыя творы!




Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"