Віктару Казько — 80!

Віктар Казько на Стральцоўскім фэсце

Сёння — юбілей класіка беларускай прозы, сябра Рады СБП, сталага аўтара і даўняга сябра "Дзеяслова", "Літаратурнай Беларусі" Віктара Казько.

Казько Віктар Апанасавіч нарадзіўся ў горадзе Калінкавічы Гомельскай вобласці ў сям’і памочніка машыніста ў 1940 годзе. Дзень нараджэння па пашпарту 23.04. На самой жа справе зусім не 23 і зусім не 04. Проста 23.04. была медэкспертыза «по наружному виду», калі Віктар Апанасавіч (тады яшчэ падлетак) ужо больш года беспрытульнічаў.

Вайна абышлася з Віктарам Казько надзвычай жорстка. У 1944 годзе ад выбуху бомбы, якая трапіла ў хату, загінула маці; замерзла маленькая сястрычка. “Мне самому  тады было ўсяго тры гады, спалохаўся, вядома, уцёк. А сястра замерзла ў разбуранай хаце. І цяпер часта думаю, што неяк мог бы яе выратаваць, калі б таксама застаўся там”, — успамінае пісьменнік.

Хлапчук аказаўся прадстаўленым сам сабе, і неяк з натоўпам людзей, якіх немцы гналі ў Азарыцкі канцэнтрацыйны лагер, апынуўся там. Як выжыў, не ведае і сам. Калі нашыя войскі вызвалялі вязняў, яго забрала бабуля.

Пасля вайны Віктар не прыжыўся ў новай сям’і бацькі, і падлеткам сышоў з дому. Гадаваўся ў Вільчанскім і Хойніцкім дзіцячых дамах. У 16 гадоў ён наогул пакінуў Беларусь, вучыўся ў Кемераўскім горным індустрыяльным тэхнікуме, потым працаваў электратэхнікам у шахце, забойшчыкам, геолагам у геолагаразведцы.

З 1962 года заняўся журналістыкай: быў загадчыкам аддзела прамысловасці таштагольскай гарадской газеты “Комсомолец Кузбаса”. Тут на старонках перыядычнага друку з’явіліся яго першыя апавяданні. Працаваў ён і карэспандэнтам Кемераўскага абласнога радыё. Сібірскі перыяд будучага пісьменніка, паводле ўласнага прызнання, стаў пачаткам складанага псіхалагічнага працэсу, звязанага з актыўнай працай памяці, узгадваннем мінулага, свайго “я” у ім. “У Сібіры, удалечыні ад роданага дому, каваўся ланцужок памяці, які звязваў мяне з маім домам, звяно за звяном паўставала маё мінулае. Мінулае гэтае клікала ў дарогу да сябе самога. А можа быць, хто ведае, каб вярнуцца, трэба спачатку ўцячы, каб набыць што-небудзь, трэба нешта згубіць, каб навучыцца цаніць тое, што меў,” — згадвае пісьменнік.

У 1970 годзе ён скончыў завочнае аддзяленне Літаратурнага інстытута імя М. Горкага.

Смутак па Радзіме робіць круты паварот у лёсе пісьменніка, і ў 1971 годзе ён вяртаецца ў Беларусь, пераязджае ў Мінск. Супрацоўнічаў у газетах “Чырвоная змена”, «Советская Белоруссия». Першая аповесць “Високосный год» была надрукавана на старонках «Нового мира» і адразу заўважана чытачамі. Потым у часопісе “Нёман” з’явілася аповесць “Цёмны лес – тайга густая”. Рэкамендуючы маладога празіка ў члены Саюза пісьменнікаў, Алесь Адамовіч спытаўся ў пачатку свайго выступлення: “Дзве аповесці – мала ці многа?”. І адказаў, за шмат каго прысутных: “У гэтым выпадку – зусім дастаткова, каб назваць іх аўтара таленавітым, самабытным пісьменнікам”.

У 1973 годзе В. Казько быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. З гэтага ж года па 1976 ён працуе ў часопісе “Нёман”. У 1977 годзе Віктар Апанасавіч атрымаў прэмію Ленінскага камсамола за аповесць «Здравствуй и прощай». А ў 1982 годзе яго аповесць “Суд у Слабадзе” узнагароджана Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Я. Коласа.

 У 1986-1988 гады В. Казько – сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Працаваў на кінастудыі “Беларусьфільм”. Многія яго творы экранізаваны, перакладзены на іншыя мовы. Фільм “Зорка Венера”, зняты па сцэнарыю В. Казько, дзіцячае журы кінафестывалю “Лістапад-2000” прызналаТворчасць В. Казько мае ярка выражаную аўтабіяграфічную аснову. Ён адзін з першых у беларускай і савецкай прозе паказаў вайну праз прызму ўспрыняцця дзіцяці («Суд у Слабадзе»). Трагічныя падзеі вайны, якія захаваліся ў дзіцячай свядомасці, сталі сюжэтна-кампазіцыйным, сэнсавым, этычным цэнтрам аповесцяў пісьменніка. Яны абумовілі розныя планы апавядання — ваеннае мінулае, жорсткія траўмы, якія былі нанесены дзіцячай душы, цяжкае станаўленне юнака, імкненне пераадолець невыносны цяжар страшэнных успамінаў. Значную ўвагу В. Казько ўдзяляе экалагічным праблемам: выступае не толькі за чысціню прыроды, але і за чысціню чалавечых адносін, мар, ідэалаў. Гібель прыроды, варварскія адносіны да яе знішчаюць нешта чалавечае ў самім чалавеку («Цвіце на Палессі груша», «Неруш»).

Памяць пра ваеннае дзяцінства стала асноватворнай у яго творчым пошуку. Паслядоўнасць, настойлівасць, з якой ён звяртаўся да гэтай тэмы, надзвычайная эмацыянальнасць, выключная пранізлівасць інтанацыі абумовілі адметнасць празаіка.

Аповесці  “Высакосны год”, “Аповесць аб беспрытульным каханні”, “Суд у Слабадзе” (1978; зняты фільм “Сведка”, 1986) маюць аўтабіяграфічна-дакументальную  аснову, паказваюць вайну, убачаную вачыма дзіцяці, знявечанае маленства. Герой аповесці “Суд у Слабадзе” Колька Лецечка – гэта сам В. Казько, а таксама яго таварыш па няшчасці Васіль Дзятлаў. З сібірскімі ўраджаннямі аўтара звязаны творы “Цёмны лес – тайга густая”, «Здравствуй и прощай».

У наступных творах В. Казько паглыбляецца ў даследванне стасункаў чалавека і прыроды. Пісьменнік знаходзіць у Беларусі куток, дзе прырода асабліва шчодрая на фарбы і хараство — Палессе.

У аповесці “Цвіце на Палессі груша” (1978) чалавек, прырода і быццё знаходзяцца яшчэ ў суладдзі. Тут пераважаюць яркія зоркавыя вобразы, што падаюцца праз бачанне нямога Яўгена Ярыгі. У рамане “Неруш” (1981) празаік адлюстраваў тыя жахлівыя пераўтварэнні прыроды, што адбыліся пасля правядзення меліярацыі, якія В. Казько ўбачыў на свае вочы, калі праехаў  па “новым” Палессі. Пачынаўся твор як кінафільм, што атрымаў назву “Паводка” (зняты рэжысёрам В. Чацверыковым). Але вялікая колькасць праўды, якая засталася за кадрам, прымусіла В. Казько сесці за раман, бо гэта дазваляла сказаць больш, сказаць, што адбылося не толькі знішчэнне прыроды, а і беларуса, беларускасці. “Празаік – адзін з тых, хто з ліку першых зафіксаваў у нашай літаратуры жахлівы працэс абмялення, “меліярацыі” чалавечай душы, калі чалавек перастае быць чалавекам, а беларус беларусам,” – зазначае крытык М. Тычына.

“Прыродзе, акрамя чалавека, ніхто і нішто не супярэчыць,” — такая думка выспявае ў свядомасці цэнтральнага персанажа Мацвея Роўды. Княжбор, які здаваўся раем зямным, можа абярнуцца і пеклам, калі антаганізм паміж чалавекам і прыродай  пераўзыдзе пакладзеныя яму межы. Так і здараецца ў творы, калі ў выніку варварскай меліярацыі вёску знішчае паводка.

Наступны буйны твор майстра – “Хроніка дзетдомаўскага саду” (1987) – сведчыць пра далейшую інтэлектуалізацыю прозы В. Казько, асваенне ім формы філасофскага рамана. У “Хроніцы…” спалучыліся дзве тэмы – абяздоленага дзяцінства і стасункаў чалавека і прыроды, дадалася і трэцяя – чалавек у кантэксце гісторыі. Гістарычны абсяг надзвычай шырокі: рэвалюцыя і грамадзянская вайна, пасляваенная разруха і нішчымніца, нарэшце, 1980-я гады, але рэтраспектыўны план твора паглыбляецца ў больш аддалёную мінуўшчыну – легендарную і міфалагічную (вобраз зубра Сноўдалы).

 Сурова праўдзівай, бязлітаснай і жорсткай з’яўляецца аповесць “Выратуй і памілуй нас, чорны бусел” (1991) – балючы і горкі рэквіем пагубленаму Палессю, яго народу, які аказаўся заложнікам “мірнага” атама. Гэта пратэст супраць таго, што зрабіла дзяржава, улада з чалавекам. Разам з тым гэта і пратэст супраць народнай цярплівасці, зацюканасці, аморфнасці, супраць фізічнага і духоўнага вымірання чалавека.

У 90-я гады сацыяльная праблематыка пачала асабліва ўздымацца ў творах празаіка. Майстар надзвычай востра і бурна рэагуе на грамадскія падзеі, праявы сённяшняга дня амаль цалкам адбіраюць у В. Казько магчымасць вярнуцца да матыву гарманічнага, неспакушанага Сусвету. Кожным сваім новым творам пісьменнік фіксуе іншую ступень глыбокага крызісу грамадства. Метамарфозы традыцыйнай цывілізацыі, пабудаванай на хрысціянскай, гуманістычнай ідэі, становяцца кантрапунктам яго пошукаў і пакут. У аповесці “Прахожы” па-мастацку даследуецца ідэя фаталізму. Ці ўсё прадвызначана на Зямлі? Якую ролю іграе выпадковасць? У аповесці “Да сустрэчы…” гучыць ужо адкрытая безнадзейнасць і нават роспач. Смерць Майстра, галоўнага героя  твора, падкрэслівае, што адыходзіць эпоха, а надыходзіць нешта маларазумелае, нялюдскае. В. Казько гэта бачыць і гаворыць пра небяспеку ў сваіх творах, у публіцыстычных выступленн

Раман В. Казько “Бунт незапатрабаванага праху” (2000) з’яўляецца адным з найскладанейшых і адметных твораў у сучаснай літаратуры. Яго параўноваюць з сусветна вядомым раманам Г. Маркеса “Сто гадоў адзіноцтва”.  Казько  лічыць, што сэнс чалавечага жыцця заключаецца ў тым, каб адкрыць сваё сэрца жыццю, падзяліцца тым, што сам некалі атрымаў  у падарунак. І любое супраціўленне, адмаўленне асноў быцця шкодзіць перш-наперш самому чалавеку. Услед за аўтарам хочацца верыць, што за часам цемры заўсёды ідзе час вялікага святла: “Была вербная нядзеля, а праз тыдзень – Вялікдзень – дзень найвышэйшага узлёту чалавечага духу”.

Проза пісьменніка чытаецца нялёгка, патрабуе кандэнсацыі думкі, энергіі, страсці, змагаецца супраць азвярэння на нашай зямлі, прымушае разважаць, чаму мы прыходзім на гэты свет, што шукаем, што знаходзім, з чым сыходзім адсюль.

Узнагароды

1977 — Прэмія Ленінскага камсамола (за кнігу «Добры дзень і бывай»)

1982 — Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Якуба Коласа (за аповесць «Суд у слабадзе»)

2009 — Прэмія «Гліняны Вялес» (за кнігу прозы «Бунт незапатрабаванага праху»)

2009 — Прэмія «Залаты апостраф» часопіса "Дзеяслоў"

2015 — Прэмія Ежы Гедройца за кнігу «Час збіраць косці»


Выбраная творчая спадчына


1972 — «Высакосны год»

1973 — «Цёмны лес — тайга густая»

1974 — «Дзень добры і бывай»

1978 — «Суд у Слабадзе»

1978 — «Цвіце на Палессі груша», «Неруш»

1987 — «Хроніка дзетдомаўскага саду»

1990 — «Но пасаран»

1991 — «Выратуй і памілуй нас, чорны бусел»

2009 — «Бунт незапатрабаванага праху»

2014 — «Час збіраць косці»

2017 — «Казань пра ката, каторы смяяўся»


Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра віншуюць Вас, Віктар Апанасавіч з днём народзінаў, зычаць моцнага здароўя, бадзёрасці духу, натхнення на новыя творы! 


Паводлк матэрыялаў Калінкавіцкай ЦБС