Віцебскія сустрэчы: конкурс для дзяцей, "Ратуша", Алесь Разанаў

14 снежня ў Віцебску на розных пляцоўках адбыліся адразу тры імпрэзы, у якіх непасрэдны ўдзел прынялі сябры Віцебскага аддзялення ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і кіраўніцтва нашай творчай арганізацыі.

Першай пляцоўкай стала Віцебская абласная бібліятэка, якая прыняла фінал конкурса “Казка - цудоўная краіна”, арганізаваны Віцебскай абласной філіяй Саюза беларускіх пісьменнікаў у партнёрстве з віцебскім тэатрам “Лялька” і гарадскімі курсамі “Мова нанова”. Конкурс чарадзейнай казкі, што праводзіўся на Віцбешчыне, запрашаў да ўдзелу школьнікаў вобласці ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў, мова конкурса была беларуская. На разгляд журы даслалі 90 твораў як з самога Віцебска, так і з самых далёкіх куточкаў вобласці. Многія ўдзельнікі былі адзначаныя дыпломамі і прызамі, сярод якіх былі падарункавыя камплекты кніг ад Саюза беларускіх пісьменнікаў, а таксама запрашальнікі на святочныя спектаклі ад тэатра “Лялька”. Імпрэзу вялі паэтка Людміла Сіманёнак і старшыня віцебскай пісьменніцкай філіі Анастасія Лазебная, якая стала галоўным ініцыятарам ды каардынатарам дзіцячага конкурса. Узнагарожвалі пераможцаў пачэсныя госці імпрэзы: празаік Франц Сіўко, кіраўнік моўных курсаў Таццяна Дубоўская, мастацкі кіраўнік тэатра “Лялька” Віктар Клімук, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч і намеснік старшыні СБП Усевалад Сцебурака.

Працягам дзіцячай імпрэзы ў абласной бібліятэцы стала сустрэча чытачоў і аўтараў літаратурнага альманаха “Ратуша”, што збірае на сваіх старонках найлепшыя творы пісьменнікаў Віцебшчыны. З 5-ым юбілейным выпускам альманаха прысутных павіншаваў старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч, уручыў сяброўскае пасведчанне маладому віцебскаму паэту Алесю Замкоўскаму. Прагучалі выступы аўтараў новай “Ратушы”.

ff709.jpg

Увечары ў самым гістарычным цэнтры Віцебска ў невялікай утульнай залі Арт-прасторы на вул. Талстога 7 адбылася прэзентацыя мастацка-канцэптуальнага праекта Алеся Разанава і Віктара Маркаўца “Яйкаквадраты” з удзелам Алеся Разанава, мастацтвазнаўцы Таццяны Гаранскай, Барыса Пятровіча (Сачанкі), мастака Генадзя Мацура. Цікаўная публіка дазналася з першых вуснаў гісторыю легендарнай з’явы, пачула ўспаміны непасрэдных удзельнікаў праекта і абмянялася ўражаннямі.


Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў", фота У. Сцебуракі і Беларускага Радыё Рацыя