Віцебскія сустрэчы з "Дзеясловам"

Барыс Пятровіч і Алесь Пашкевіч

У сераду 11 сакавіка ў Віцебску прайшлі 2 прэзентацыі літартурна-мастацкага часопіса “Дзеяслоў”. Першая сустрэча прайшла ў вялікай залі Віцебскай абласной бібліятэкі. Удзел бралі старшыня ГА СБП і галоўны рэдактар выдання Барыс Пятровіч, намеснік рэдактара Алесь Пашкевіч, а таксама паэт Усевалад Сцебурака. 

На пачатку імпрэзы госці распавялі аб працы над выданнем, падзяліліся творчымі планамі і далі кароткую справаздачу аб дзейнасці. У другой палове сустрэчы адыйшлі ад звыклага фармату рэкламных прэзентацый і пазнаёмілі віцебскага чытача са сваёй уласнай творчасццю. Барыс Пятровіч прэзентаваў сваю новую кнігу “Роўна і трошкі ўправа”, што пабачыла свет ў мінулым годзе і фактычна не прадстаўлялася шырокай публіцы. Прагучалі вершы Алеся Пашкевіча і Усевалада Сцебуракі. Напрыканцы сустрэчы госці адказалі на пытанні залы і перадалі ў фонды бібліятэкі новыя кнігі і нумары часопіса “Дзеяслоў”.

6victorv850.jpg

Другая прэзентацыя прайшла ў цёплай і нязмушанай атмасферы Віцебскіх курсаў “Мова нанова” у пабе “Торвальд”. Распавеўшы пра часопіс і пазнаёміўшы публіку з уласнымі творамі, госці правялі віктарыну, пераможцы якой атрымалі свежыя 104-ыя нумары “Дзеяслова” на ўспамін аб сустрэчы.

7victorv.jpg

Рэдакцыя часопіса выказвае шчырую ўдзячнасць старшыні Віцебскай абласной філіі СБП Анастасіі Лазебнай, дырэктарцы Віцебскай абласной бібліятэкі Таццяне Адамян і кіраўніцы віцебскіх курсаў “Мова нанова” Таццяне Дубоўскай за ўсебаковае спрыянне ў арганізацыі прэзентацый.

УС, для lit-bel.org