Вялікія вершы і малыя паэмы

Дзмітры Строцаў. Фота: Рыгор Бутылін
У нядзелю, 3 лістапада, у «доме з русалкамі» Трактаразаводскага пасёлка беларускі паэт, бард і выдавец Дзмітры Строцаў прэзентаваў уласную кнігу «Большие стихи и маленькие поэмы», у якую ўвайшлі творы, напісаныя з 1989 па 2016 гады.

З уступным словам паэт Андрэй Хадановіч зачытаў вершы з кнігі Строцава «Шаг» і ўласнай «Школа травы».

«Паэзія, якая існуе недзе высока над Зямлёй і па-над сацыяльнымі праблемамі», – такой бачыць Хадановіч творчасць свайго сябра, а мінулыя кнігі «Шаг» і «Газета» – «новае слова рускамоўнай беларускай паэзіі; як паварот да таго, пра што трэба казаць, бо інакш сорамна пра гэта маўчаць». Згадваюцца такія падзеі, як выбух у мінскім метро, украінскі Майдан.

Сярод паэтаў Строцаў выдзяляецца адмысловай распеўна-рэчытатыўнай манерай чытання сваіх вершаў, якую ён называе «паэтычнымі танцамі», і ўстойлівым паважлівым стаўленнем да кожнага гуку і сэнсу сваіх тэкстаў.

З таго моманту, як быў напісаны першы верш, мінула прыблізна 40 гадоў. «З'явілася смага "доўгага паэтычнага дыхання", якая ўзгараецца ўва мне і захоплівае мяне час ад часу і па сённяшні дзень», – так апісвае аўтар пачатак свайго творчага жыцця. Завершаных паэм, акрамя двух «мега-палотнаў», за ўвесь час было напісана каля дзясятка. Але ёсць яшчэ некалькі вершаў, якія пачыналіся як паэмы, але так і не разгарнуліся ў прасторы, засталіся паэмамі «патэнцыяльнымі» і, тым не менш, перажываюцца аўтарам як «вялікія рэчы».

Некаторы час таму ўзнікла жаданне ўсе творы, напісаныя за гэтыя гады, прачытаць на адным канцэрце, што і было здзейснена ў мінулым годзе. Высветлілася, што яны вельмі добра сябе адчуваюць у цесным шэрагу, дзіўна ўзаемадзейнічаюць і трымаюць увагу аўдыторыі на працягу некалькіх гадзін. З гэтай нагоды аўтар збірае свае «вялікія вершы і маленькія паэмы» пад адной вокладкай і з такой жа доўгай назвай. Зборнік выйшаў у канцы жніўня ў серыі «Мінская школа» у рамках праекта «Новыя мяхі». Як лічыць паэт, Мінск – лагічнае завяршэнне першай серыі прэзентацый кнігі «Большие стихи и маленькие поэмы», папярэднімі гарадамі сталіся Новасібірск, Масква, Кіеў, Харкаў і Бабруйск.

Падчас выступу аўтар распавядаў гісторыі, звязаныя са стварэннем сваіх твораў, разважаў пра сучаснасць і жыццё ў ёй.

Паколькі мінская прэзентацыя праходзіла ў «доме з русалкамі» у так званым Трактаразаводскім пасёлку, аўтар зрабіў акцэнт на другой частцы паэмы «Гневапеі»«Каханне Бяздомнае». Манарх Вера сустракае сваю каханую, якую ён часам называе русалкай, і для сямейнага жыцця маладыя вандроўнікі выбіраюць стары трактар «Беларус», знойдзены імі на балоце. Аўтару падаецца такое збліжэнне вобразаў сімвалічным.

Внезапно ты его нашла
Среди тумана и болота
И сразу выдумать смогла
Жилище из металлолома!
Как же он сюда попал,
Этот трактор «Беларус»?
Или с неба он упал,
Я ответить не берусь?
Повсюду заросли и ряска,
И выпи крик, и хляби стон,
А посреди – поляна-сказка,
А посредине трактор-дом!


Рыгор Бутылін Новы час