Вярхоўны суд разгледзіць пазоў аб ліквідацыі Беларускага ПЭНa 3 жніўня

Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь разгледзіць пазоў аб ліквідацыі Беларускага ПЭН-цэнтра 3 жніўня, паведаміла намесніца старшыні арганізацыі Таццяна Нядбай.

«Стала вядома, што суд па ліквідацыі Беларускага ПЭНа прызначаны на 3 жніўня. Даведаліся, бо самі тэлефанавалі ў прыёмную. Ніякіх пісьмовых апавяшчэнняў пакуль не атрымлівалі», — напісала Нядбай у Фэйсбуку, перадае «Радыё Свабода».

14 ліпеня сілавікі правялі ператрус па юрыдычным адрасе Беларускага ПЭН-цэнтра. У прадстаўнікоў ГУБАЗіКа МУС была пастанова на ператрус, падпісаная генеральным пракурорам. У сувязі з пандэміяй каронавіруса арганізацыя ўжо больш за год працуе ў дыстанцыйным рэжыме, таму па юрыдычным адрасе нікога з супрацоўнікаў не было.

Паводле Таццяны Нядбай, сілавікі правялі ператрус у іншай арганізацыі, у якой такі самы юрыдычны адрас, канфіскавалі ўсю тэхніку. ПЭН-цэнтру, які ўзначальвае нобелеўская лаўрэатка ў галіне літаратуры Святлана Алексіевіч, вядома аб узбуджэнні справы па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку ч. 3 арт. 361 («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы»), ч. 1 арт. 357 («Змова або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады»), ч. 1 арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім»).

19 ліпеня стала вядома пра арышт рахункаў Беларускага ПЭН-цэнтра, а 22 ліпеня з’явілася інфармацыя, што Міністэрства юстыцыі падало пазоў аб ліквідацыі арганізацыі.






Новы Час