Выйшаў трэці сшытак "Архіўных матэрыялаў" да біяграфіі Багдановіча
Дата публікацыі: 20.01.2021
279

Працягваючы распачатую папярэднікамі працу (у 1996 і ў 1997 годзе пабачылі свет выданні “Архіўныя матэрыялы да жыцця і творчасці Максіма Багдановіча. Сшытак 1” і “Архіўныя матэрыялы... Сшытак 2”), супрацоўнікі музея вырашылі пазнаёміць усіх зацікаўленых з эпісталярнай спадчынай сваякоў паэта, якая амаль недасяжная для шырокіх колаў аматараў беларускай літаратуры.
Як вядома з захаваных успамінаў, не толькі бацькі, але і іншыя родныя прымалі непасрэдны ўдзел у лёсе паэта, былі сведкамі станаўлення Максіма Багдановіча як чалавека і творцы. 87 лістоў родзічаў паэта з фондаў ЛММБ, а таксама “Тэстамент” Адама Багдановіча (арыгінал якога захоўваецца ў БДАМЛМ) дапамогуць даследчыкам больш поўна зразумець, у якой атмасферы гадаваўся Максім Багдановіч, якімі інтарэсамі жылі яго блізкія.
Вельмі спадзяемся, што выданне, падрыхтаванае супрацоўнікамі музея, адкрые для Вас нешта новае, а магчыма, нават падштурхне да новых пошукаў і знаходак, бо спазнанне нашых геніяў - гэта і спазнанне сябе таксама. Хто мы такія…
Электронная версія выдання “Архіўныя матэрыялы да жыцця і творчасці Максіма Багдановіча. Сшытак 3” дасяжная па спасылцы
Літаратурны музей Максіма Багдановіча