Выйшла першая кніга прозы Паўла Каспяровіча

Паэт, празаік, праваслаўны святар, клірык Свята-Пакроўскага сабора ў Гародні Павел Каспяровіч напісаў першую кнігу прозы. Кніга мае назву «Чорная рэчка», у яе ўвайшлі 12 апавяданняў, што друкаваліся ў розных беларускіх перыядычных выданнях, паведамляе Радыё Рацыя.

Пра кнігу кажа яе аўтар:

«Я заўсёды пісаў толькі вершы, яшчэ са школы. Некалькі год таму я неяк адчуў, што нейкі крызіс творчасці, што быццам я ўжо хачу паўтарыцца ў вершах. Тэмаў няма, натхнення нейкага. І неяк я паспрабаваў напісаць апавяданне, у вершах я ўжо не мог выказаць тое, што хацелася. Можа быць у паэме? Але паэму неяк яшчэ не давялося напісаць. Я напісаў апавяданне, паказаў сваім сябрам — нейкую ад іх крытыку атрымаў, нейкія парады».

Па словах Паўла Каспяровіча кніга паўстала дзякуючы сустрэчы з прадстаўнікамі Саюза пісьменнікаў:

«У саборы адбылося паседжанне Саюза беларускіх пісьменнікаў. І да мяне звярнуліся Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч з пытаннем, чаму я не выдаю кніг. Я кажу што я бы мог, вось верш на кнігу, ці зборнік паэзіі, ці вось апавяданні. Мне кажуць — выдавайце апавяданні, мы вам дапаможам. Так усё гэта і атрымалася. Звыш, можна сказаць».

Кнігу можна замовіць праз розныя інтэрнэт-кнігарні, а ў Гародні яе магчыма набыць ў краме «Цудоўня».






Паводле Радыё Рацыя