Яўгену Лецку — 75!

фота: БДАМЛМ
Яўген Рыгоравіч Лецка нарадзіўся 20 красавіка 1944 года ў в. Пабрэззе Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.

Пасля заканчэння Нягневіцкай сярэдняй школы ў 1962 годзе Яўген Лецка паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта (падчас навучання працаваў на заводзе, а таксама настаўнічаў). Пасля ўніверсітэта быў карэспандэнтам-арганізатарам раённага радыёвяшчання ў г. п. Карэлічы. Друкавацца пачаў у мясцовай раённай газеце “Полымя”. А ў 1971 годзе Яўген Лецка закончыў аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры БДУ. Кандыдат  філалагічных навук (1980).

У 1971–1986 гадах працаваў у інстытуце  Акадэміі Навук Беларусі, у 1986–1997 – у выдавецтве “Мастацкая літаратура”, з 1993 года быў дырэктарам выдавецтва “Бацькаўшчына”. У 1990–1993 гадах узначальваў Раду Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Яўген Лецка – аўтар аповесцяў “Па цаліку” (1977), “Дарога ў два канцы” (1981), якія вызначаюцца псіхалагізмам, добрым адчуваннем мовы. Як літаратуразнаўца даследуе мастацкія  адметнасці, стыль беларускіх празаікаў, узаемадзеянне літаратуры і чытача ( “Выхаваўчая роля літаратуры”, 1980; “Хараство і боль жыцця: Нарыс творчасці Вячаслава Адамчыка”, 1985). Ён з’яўляецца складальнікам літаратурна-краязнаўчага зборніка “Вобраз” (1981), зборнікаў апавяданняў маладых пісьменнікаў “Цяпло на першацвет” (1985), “Акно ў зялены сад” (1988), кніг твораў Міколы Дзяшкевіча (1991), Лукаша Калюгі (1992), Андрэя Мрыя (1993) і інш.

Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1977 года.

Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра віншуюць Яўгена Рыгоравіча з днём народзінаў, зычаць моцнага здароўя, добрага настрою, натхнення на новыя кнігі!


Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"