Янка Трацяк: Кожным нашым аўтарам я магу ганарыцца


Літаратурнае жыццё ў Беларусі трывае нават у сённяшні неспрыяльны час для мастацтва. Сведчаннем таму новыя публікацыі, якія рэдагуе наш цяперашні госць Рацыі – кандыдат культуралогіі, дацэнт Янка Трацяк. Размова прысвечана выхаду новага нумару альманаха „Новы Замак”, які выдае Саюз беларускіх пісьменнікаў. Гэта ўжо дзявяты выпуск альманаху, амаль палову з іх рэдагаваў Янка Трацяк. 

Янка Трацяк: Літаратурны працэс ідзе. Як сведка гэтаму выхад чарговага альманаху. Альманах выходзіць раз у год. І, дзякуй Богу, ён выходзіць. Праўда мы губляем у накладзе. Бо з кожным годам ён усё меншы і меншы. Але гэта ўжо іншая прычына. 

РР: Ці ёсць магчымасць у электронным варыянце азнаёміцца з нумарам, калі хто не мае дасягальнасці да папяровага выдання? 

нка Трацяк: У электронным варыянце недзе бліжэй да восені будзе магчымасць. Яго можна будзе прачытаць на “Камунікаце” і на “Павеце”. Там усе ранейшыя нумары “Новага замку” ў электронным выглядзе. Толькі няма, здаецца, першага. Згубілася электронная версія. 

РР: І на што багаты сёлетні нумар? Напэўна пераважае паэзія? 

Янка Трацяк: Не. Так склалася апошнія гады, што дамінуе ў нас усё такі проза. Хаця агульны працэс на Гарадзеншчыне ідзе, наколькі ведаю, наадварот, у горадзе шмат хто піша вершы. І мала хто піша прозу. Проза – гэта прэрагатыва больш старэйшых пісьменнікаў, і нават тыя, хто некалі пісаў вершы, з пэўным узростам пачынаюць пісаць прозу. Пачынаюць, мне здаецца, больш рацыянальна глядзець на жыццё, таму што проза і патрабуе больш рацыяналізму, чым эмоцый. Паэзія – гэта ўзнёсласць, эмацыянальнасць. У нас вакол альманаху арганізавалася кола пісьменнікаў. Яно ў нас пастаяннае, сталае. З аднаго боку гэта вельмі добра. Таму што гэта пісьменніцкая апора на Гарадзеншчыне. Гэта такія аўтары як, напрыклад, Святлана Абдулаева, Аляксей Пяткевіч, Рычард Бялячыц, Міхась Зізюк, Ала Петрушкевіч і іншыя. Гэтыя, каго пералічыў, яны амаль што ў кожным нумары друкаваліся. 

РР: У гэтым нумары вас штосьці асабліва ўразіла, ці натхніла, як чалавека, які сам піша? 

Янка Трацяк: Мне, як рэдактару, усе яны кладуцца. Калі б яны не клаліся б, я іх не друкаваў бы. Выдзеліць нейкі лепшы твор, ці лепшага аўтара, ці горшага, то проста няма сэнсу, ды і такога няма. Кожным аўтарам магу ганарыцца.

Слухаць цалкам: https://www.racyja.com/kultura/yanka-tratsyak-kozhnym-svaim-autaram-ya-mag/


Гутарыў Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя