Януш Вішнеўскі, шмат паэзіі і Заяц ПЦ!


20 лютага анансаваныя замежныя і беларускія хэдлайнеры фестывалю інтэлектуальнай кнігі “Pradmova”, а таксама прыадкрытыя некаторыя таямніцы праграмы. Фестываль пройдзе трэці раз 2-5 красавіка ў Мінску ў прасторы ОК16 і прадставіць некалькі дзясяткаў падзей, прысвечаных розным жанрам мастацтва, паяднаных тэмай кнігі.

Хто ўдзельнікі?
Януш Вішнеўскі, папулярны польскі аўтар завітае на фестываль, каб прэзентаваць працяг сусветна вядомага рамана “Адзінота ў сеціве”. Кніга называецца “Канец адзіноты” і выйшла ў выдавецтве “Янушкевіч” на беларускай мове.

Лінор Гаралік, ізраільская рускамоўная пісьменніца і перакладчыца, фіналістка прэміі “Большая книга”. А яшчэ Лінор Гаралік аўтарка тых самых коміксаў “Заяц ПЦ и его воображаемые друзья”. На фестывалі будзе выстава коміксаў, а таксама запланавана дыскусія разам з Віктарам Марціновічам на тэму постапакаліптычных раманаў.

Канстанцін Дарашэнка, украінскі арт-крытык, куратар сучаснага мастацтва і медыяменеджар прэзентуе сваю фотакнігу і распавядзе пра сучаснае постмайданнае мастацтва Украіны.

Міхаіл Мінакоў, гісторык, філосаф і палітолаг прэзентуе свае кнігі “История опыта” і “Диалектика современности в Восточной Европе”, а таксама часопіс "Идеология и политика". Міхаіл будзе адным з удзельнікаў міжнароднай дыскусіі пра стан гуманітарных навук на постсавецкай прасторы.

З замежжа на фестываль завітаюць некалькі майстраў паэтычнага слова: латвійскі паэт Сямён Ханін прэзентуе кнігу вершаў “Хоць не тым” у перакладзе на беларускую, расійскі аўтар Андрэй Сэн-Сянькоў прэзентуе зборнік “Лёгкі як атлетыка” (таксама па-беларуску), сваімі выступамі парадуюць харвацкія паэты – Жарка Яванаўскі і Сініша Матасавіч.

У беларускіх хэдлайнерах гэтага году – Альгерд Бахарэвіч, Віктар Марціновіч, Ганна Севярынец, Людміла Рублеўская, Таццяна Заміроўская і Святлана Алексіевіч.

Які слоган фестываля?
У гэтым годзе Беларусь святкуе 90-гадовы юбілей славутага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, таму натхненне на складанне слогана арганізатары шукалі менавіта ў яго творчасці. “Не трэба шмат, каб пачаць” – інтэрпрэтацыя цытаты Караткевіча, якая, па меркаванні арганізатараў, дапаўняе назву і змест фестываля.

Што яшчэ будзе?
На фестывалі ў Мінску будуць уручаныя некалькі літаратурных прэмій: прэмія імя Наталіі Арсенневай за найлепшую паэтычную кнігу, прэмія Міхала Анемпадыстава за найлепшы дызайн кніжнай вокладкі, прэмія “Гліняны Велес”. Яшчэ адбудзецца вечарына з нагоды 10-годдзя прэміі “Дэбют” імя Максіма Багдановіча з удзелам пераможцаў і шорт-лістараў прэміі. Чакаюцца калабарацыі з іншымі мастацкімі праектамі: паэтычным шоў “Эшафот”, фотапраектам “Змена”, конкурсам і выставай “Арт-Прадмова”, выставай сучаснай літоўскай кніжнай ілюстрацыі і інш.

З суботы на нядзелю (4-5 красавіка) плануецца “Ноч кнігі” – частка праграмы, дзе выступоўцы спалучаюць літаратуру з іншым відам мастацтва. Адбудуцца меладэкламацыі беларускіх аўтараў і выступ музычнага праекта Tochka K.

Падчас фестывалю будзе працаваць кніжны кірмаш: свае навінкі і найлепшыя кнігі прадставяць выдавецтвы “Логвінаў”, “Галіяфы”, “Янушкевіч”, “Суродзічы”, ARCHE, “Лімарыюс”, “Коска”, “Тэхналогія”, “Эканомпрэс”, “Лімарыюс”, “Макбел”, выдаўцы Раман Цымбераў, Зміцер Колас і іншыя беларускія, расійскія і ўкраінскія выдавецтвы інтэлектуальнай кнігі.

Рэгіянальныя імпрэзы “Pradmova”
Арганізатары нагадалі, што фестываль “Pradmova” адбудзецца не толькі ў Мінску, а яшчэ і ў рэгіёнах Беларусі: у Віцебску (22 лютага), Брэст (29 лютага), Гродна (7 сакавіка) і ў горадзе, які вызначыцца народным галасаваннем у сацсетках (14 сакавіка). Пакуль у лідарах – Бабруйск, галасаванне скончыцца 22 лютага. Таксама да 22 лютага ўключна прымаюцца заяўкі на ўдзел у фестывалі.


Партнёры фестывалю
Фестываль адбываецца ў партнёрстве з Беларускім ПЭН-цэнтрам, пры падтрымцы кампаніі “Andersen”, Саюза беларускіх пісьменнікаў, Беларускага саюза мастакоў, Беларускага саюза дызайнераў, Нацыянальнага акадэмічнага тэатра ім. Я. Купалы, ОК16, Лятучага ўніверсітэта, Беларускай філасофскай прасторы, Еўрапейскага каледжа Liberal Arts у Беларусі (ECLAB), ПК ААА “Макбел”, Амбасады Літвы, Амбасады Латвіі, Амбасады Украіны, вядомых айчынных выдавецтваў і прыватных адукацыйных ініцыятыў.


Паводле прэс-рэлізу