Язэпу Янушкевічу — 60!

фота: "Новы Час"
Язэп Язэпавіч Янушкевіч нарадзіўся 7 сакавіка 1959 года ў в. Ракаў Валожынскага раёна Мінскай вобласці. Скончыў БДУ (1981). Кандыдат філалагічных навук (1987). 3 1985 навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры АН Беларусі, адначасова з 1996 загадчык аддзела археаграфіі Беларускага НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы і з 1997 намеснік рэдактара выдавецтва «Беларускі кнігазбор». 3 1999 намеснік старшыні Археаграфічнай камісіі Камітэта па архівах і справаводстве пры СМ Рэспублікі Беларусь. Тройчы звольнены з працы (у БелНДІДАС і ў акадэмічным Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАНБ.

Даследуе гісторыю беларускай літаратуры і культуры ХІХ—ХХ ст., беларуска-польскія гісторыка-літаратурныя сувязі і культурныя ўзаемадзеянні ХІХ — пач. ХХ ст., жыццё і творчасць дзеячаў беларускай літаратуры і культуры. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай літаратуры XX ст.» (т. 1, 1999). Упершыню апублікаваў арыгінал «Пінскай шляхты» В. Дуніна-Марцінкевіча (1984), «Лісты з-пад шыбеніцы» К. Каліноўскага і дакументы пра нараджэнне і жыццё П. Багрыма (1988), дзённікі У. Караткевіча (1989) і мінскага архіяпіскапа Міхала Галубовіча (2003), мемуары П. Мядзёлкі (1993), «Тастамент» А. Кіркора (1998) і інш. Складальнік з тэксталагічнай падрыхтоўкай, аўтар прадмоў і каментарыяў «Твораў» В. Дуніна-Марцінкевіча (1984) і Ф. Багушэвіча (1991), «Выбраных твораў» В. Ластоўскага (1997), зборніка «Шляхам гадоў» (1994). Рэдактар, аўтар прадмовы і пасляслоўя, адзін са складальнікаў і аўтараў каментарыяў кніг А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш, або Апошні наезд у Літве» (1998) і Я. Коласа «Новая зямля» (2002, абедзве на беларускай, польскай і рускай мовах).

Лаўрэат прэміі імя Льва Сапегі (Варшава, 2007).

Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра віншуе выдатнага даследчыка нашай літаратуры Язэпа Язэпавіча Янушкевіча з юбілеем і зычыць моцнага здароўя, бадзёрага настрою, натхнення на новыя кнігі!


Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"