"Ёрдзіс". Кніга пра шведскую дзяўчынку па-беларуску

Напрыканцы верасня ў выдавецтве Коska, якое публікуе дзіцячую шведскую літаратуру па-беларуску, пабачыла свет кніга Юі Вісландэр і Лоты Гефенблад “Ёрдзіс". Зборнік цудоўна падыходзіць для чытання дзецям ад 6 да 10 год.

Вуліца Сонечная, дом 1 - найлепшае месца ў цэлым свеце, гэта зразумела ўжо па самой назве. Там жыве дзяўчынка Ёрдзіс, разам са сваёй сястрой, бацькамі, катамі Мікам і Прыкам і, час ад часу, з бабуляй.

Кніга "Ёрдзіс" складаецца з 12 частак, і ў кожнай частцы распавядаецца пра сяброўства, прыгоды, гульні, розныя здарэнні - усё, чым поўніцца штодзённае жыццё дзяцей.

20180605_092620.jpg

Вось што кажа Юя Вісландэр пра гэтую кнігу:


- Ёрдзіс - маё сапраўднае імя, але колькі я сябе памятаю, мяне называлі Юя.

Я не любіла імя Ёрдзіс. Мне здаецца, у дзяцей звычайна вельмі адмысловыя адносіны да свайго імя, і я крыху расхвалявалася, калі пабачыла "Ёрдзіс" на вокладцы. Настолькі, што мне нават стала крыху сорамна. Дзіўна, праўда?

У кніжцы шмат фантастычных дэталяў, якія апісваюць жывы свет дзяўчынкі Ёрдзіс - сакрэтная скрыня з жудаснымі паперкамі, бабуліны прынцэсачныя валасы, старая аўчына, якую Ёрдзіс называе Козачка і шмат чаго іншага. Што з гэтага было насамрэч, ці кніжка пабудаваная на фактах з жыцця пісьменніцы?

- Я спрабавала пісаць, узгадваючы сваё ўласнае дзяцінства. Але пісьменнік мусіць ажыўляць свой расповед. Што адбывалася насамрэч? Ці гэта цікава? Але тое, што ў маёй бабулі былі доўгія прыгожыя валасы і што ў мяне была старая аўчына ў ложку, якую я называла Козачка - гэта чыстая праўда.

У мяне засталіся вельмі яскравыя ўспаміны пра дом, двор, сяброў і сябровак, маміну вопратку, але ўспаміны гэта гук, смак, пах - усё, што я адчувала ў дзяцінстве. Так што калі я ў сваёй працы дайшла да дыялогаў і моцных перажыванняў, я апынулася нібыта ў нямым кіно. Што мы насамрэч КАЗАЛІ? Як мы размаўлялі? І пачуцці - я была вельмі здзіўленая тым, як шмат пачуццяў вярнулася да мяне падчас працы. Калі я пісала раздзел, дзе Ёрдзіс губляе свайго коціка, у мяне з’явілася гусіная скура на руках, пацяклі слёзы, я аблілася халодным потам.

У першай кнізе пра Ёрдзіс усё дзеянне разгортваецца на заднім двары дома. Гэта была мая дзіцячая пляцоўка. Калі я туды вярнулася ў дарослым узросце і пабачыла маленькі заасфальтаваны лапік зямлі, заціснуты між мураванымі дамамі, узгадала адсутнасць гарачай вады ў нас дома, то маім дарослым позіркам я пабачыла беднату. Але мае дзіцячыя ўспаміны пераконваюць мяне, што гэта было цудоўнае месца для дзяцей. Куча дзяцей, якія былі нібыта адным цэлым. Мы былі свабодныя і абароненыя, двор быў нашай прасторай, а Гара побач - вялікай цёплай спінай, па якой мы караскаліся. Мы самі прыдумлялі сабе гульні. Мы гуляліся і гуляліся, і гуляліся, і гуляліся. Мы жылі ў цясноце, і бацькоўскае выхаванне было вельмі простым: "На двор гуляць! Дадому есці!"

У асноўным я пішу для маленькіх дзяцей, але найважнейшае для мяне - гульня. Я заўважыла, што я магу шмат што ўзяць са свайго дзяцінства, і мне падалося, што было б класна паспрабаваць гэта апісаць. Паглядзім, ці сённяшнія дзеці палічаць гэта цікавым. Паміж цяперашнім часам і пачаткам 50-х вялікая розніца. А можа і не, калі вядзецца пра дзяцей і іх гульні?

Кнігу можна набыць у менскіх кнігарнях.

Таксама ў выдавецтве выходзілі кнігі Юі Вісландэр “Мама Му паранілася" і кніжка-кардонка для зусім маленькіх “Крумкач кажа нельга!”.


Паводле прэс-рэлізу