Студзеньскія юбілеі 2019 года

фота: ronherron.files.wordpress.com
Марыя Сямёнаўна Якімук (Гарах) нарадзілася 02.01.1944 г. у вёсцы Ліпінкі Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыла Брэсцкі педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна, факультэт методыкі і педагогікі пачатковага навучання. Працавала больш за 30 гадоў у Брэсцкім раёне, большасць з якіх у Кавярдзяцкай пачатковай школе. З вершамі дэбютавала ў 1966 годзе ў раённай газеце "Заря над Бугом". Піша па-руску і па-беларуску вершы, песні, байкі, апавяданні і замалёўкі. Аўтар некалькіх кніг, куды ўвайшлі творы на абедзвюх мовах.

Жыхар Ільі, сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў,  педагог і краязнаўца Уладзімір Кажамяка нарадзіўся 3 студзеня 1939 года. Пісьменнік актыўна друкуецца ў “Рэгіянальнай газеце” і іншых выданнях, удзельнічае ў культурным жыцці раёна. А яшчэ мае тры кнігі прозы. Першыя дзве – “Ходзіць вёскамі сіняе лета” і “Не пакідаюць нас белыя лебедзі” – зборнікі грунтоўных краязнаўчых артыкулаў пра Ільяншчыну і яе жыхароў. Трэцяя – кніга “Цяпер і мне ўспомніць можна”.

Мікалай Аляксандраў (нарадзіўся 4 студзеня 1954 г.) - вядомы на Беларусі і за яе межамі журналіст, у 1990 годзе заснаваў незалежную газету “Брестский курьер”, якая неаднойчы станавілася лаўрэатам прэстыжных прэмій, карыстаецца павагай у прыхільнікаў вольнага і аб’ектыўнага слова. Мікалай Аляксеевіч - паэт, аўтар зборнікаў “Кварта” (2002) і “Долгий путь в Китеж” (2009). Кіцеж, як вядома з фальклору, - гэта легендарны горад, што апусціўся на дно возера, каб схавацца ад ворагаў-чужынцаў. Родная вёска М.Аляксандрава - Мегра Валагодскай вобласці - таксама апынулася пад вадою, хоць і не па ўласнай волі: затапленне гэтых мясцін адбылося ў час будаўніцтва Волга-Балтыйскай воднай сістэмы. Жыхароў прымусова высялялі з родных мясцін. У 1968 годзе разам з сям’ёю 14-гадовы юнак апынуўся на Далёкім Усходзе, у Хабараўску. Праз некалькі гадоў паступіў на факультэт журналістыкі Уладзівастоцкага ўніверсітэта, але не скончыў яго, бо вырашыў працягнуць вучобу ў знакамітым на той час маскоўскім Літаратурным інстытуце.  Пасля заканчэння і да прызыву ў войска працаваў нейкі час ў часопісе “Наш современник”. З 1980 года - у Брэсце, амаль дзесяць год аддаўшы газеце “Заря”, а потым заснаваўшы ужо згаданы “Брестский курьер”.

Барысенка Уладзімір Уладзіміравіч - журналіст, празаік, паэт. Нарадзіўся 5 студзеня 1949 года ў Фабрычным пасёлку (вёска Якаўлевічы) Аршанскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і. У 1966 годзе скончыў Якаўлевіцкую СШ, працаваў электраманцёрам на Аршанскім ільнокамбінаце. З 1966 па 1970 служыў у Прыбалтыцы і Беларусі. З 1970 па 1975 -- журфак БДУ імя Леніна. У 1973 годзе быў дэлегатам 10 Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў у Берліне. З верасня 1975 па 8 лютага 1998 г. працаваў спачатку карэспандэнтам, пазней адказным сакратаром "Сельской газеты". Рэдагаваў газеты "Пажар", "Охрана", "Ветеран Чернобыля". З 1 красавіка 2003 па 5 траўня 2009 -- на розных пасадах у газеце МУС "На страже". Узнагароджаны шэрагам граматаў, медалёў. Выдатнік друку (2001), заслужаны журналіст (2008). 

Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра віншуе юбіляраў і зычыць моцнага здароўя, творчага настрою, натхнення на новыя кнігі!


Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"