Юрыю Станкевічу — 75!


Сёння адзначае 75-годдзе вядомы беларускі празаік Юры Станкевіч (сапр. Георгій Васільевіч Харытановіч). 

Нарадзіўся 21 студзеня 1945 года ў Барысаве. Сын рэпрэсіраванага па 58-му артыкулу. Рана пакінуў школу і пачаў працаваць, засвоіў шмат прафесіяў. У часы першай "адлігі" паступіў у БДУ на факультэт журналістыкі. Пасля яго заканчэння працаваў у барысаўскай аб'яднанай газеце. Мастацкія спробы ў літаратуры ў тагачасных літаратурных колах не прызнаваліся. Толькі ў час так званай "перабудовы" ці другой "адлігі" пачаў друкавацца з апавяданнямі і аповесцямі. Выдаў першыя кніжкі прозы, быў прыняты ў саюз пісьменнікаў Беларусі. Напісаў некалькі раманаў, шмат аповесцяў і апавяданняў, а таксама каля дзесятка п'ес і кінасцэнарыяў. Сярод іх напісаныя ў рэалістычным ключы, аўтабіяграфічныя творы - "Сезонныя гульні ў футбол", "Партрэт выпускніка на фоне "адлігі", "Сястра мая, Света" і г.д., а таксама эксперыментальныя рэчы: раманы "Любіць ноч - права пацукоў", аповесці "Псеўда", "Прузі", "Бесапатам", п'есы "Шэва", "Гарпіі", "Армагедон-1895"

Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра віншуюць Юрыя Станкевіча з днём народзінаў, зычаць моцнага здароўя, бадзёрага настрою, натхнення на новыя кнігі!


Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"