З Днём Волі!

Рада і Сакратарыят ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” сардэчна віншуюць суайчыннікаў са 103-мі ўгодкамі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі!
Незалежнасць Беларусі, канчаткова абвешчаная 25 сакавіка 1918 года Трэцяй Устаўной граматай БНР, засведчыла памкненне беларусаў да самастойнасці і суверэнітэту, стала неаспрэчным сведчаннем фармавання беларусаў як нацыі. Гэтая падзея несумненна ёсць найважнейшай датай у гісторыі беларускага дзяржавабудаўніцтва, квінтэсэнцыяй імкнення нашага народа да ўладкавання дзяржаўнасці на дэмакратычных прынцыпах свабоды і роўнасці.
На жаль, сёння, як і сто гадоў таму, мы вымушаныя адказваць на тыя ж выклікі, што былі актуальнымі для краіны на пачатку мінулага стагоддзя: татальная русіфікацыя, ігнараванне базавых правоў грамадзянаў, размыванне і падмена нацыянальнай ідэнтычнасці, уціск культуры тытульнай нацыі. Менавіта супраць гэтых ганебных з’яў змагаліся беларусы і тады, і цяпер.
У гэтыя святочныя дні мы з вялікай надзеяй глядзім на сённяшняе абуджэнне беларускага грамадства і вітаем зварот да сапраўдных каштоўнасцяў – спрадвечных нацыянальных сімвалаў і фундаментальных складнікаў нашай культуры: беларускай мовы і літаратуры. Без іх немагчымыя тыя якасныя змены, за якія змагаецца большасць грамадзянаў і якія так патрэбныя нашай Айчыне сёння. Шчыра спадзяемся, што ў гэты няпросты час менавіта яны будуць тым надзейным падмуркам, на якім паўстане новая дэмакратычная Беларусь.
Са святам!
Жыве Беларусь!
24 сакавіка 2021 года, Мінск
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"