З'явіўся новы нумар беларуска-ўкраінскага альманаху “Справа”

Тэма гэтага нумара -- каханне і любоў. Яна арганічна вызначылася пасля таго, як рэдакцыя альманаху паездзіла з прэзентацыямі папярэдняга нумара, тэмай якога быў боль. Так, боль -- галоўная тэма усякай літаратуры, а як ад яго пазбавіцца -- галоўная задача усяго жывога. Болю шмат, і таму мы прысвяцілі яму папярэдні нумар. Але менавіта любоў і каханне -- гэта тое, што ўраўнаважвае боль. Што, па сутнасці, трымае ўсё ў гэтым свеце. Любоў і каханне -- гэта агонь, што асвятляе ноч, газ, які падымае нас над зямлёй, з-за чаго мы бачым усё пад нязвыкла ракурсам -- хоць і блізка, і выразна, але неяк не так, як звычайна. А можа, менавіта гэты ракурс -- адзіны, дазваляе бачыць сутнасць рэчаў? Так ці інакш, менавіта каханне і любоў трымаюць наш свет і не даюць яму зваліцца ў прорву болю.

Часта пытаюцца: як Рэдакцыйная рада альманаху фармуе змест нумара?

Адказваем заўсёды: самым што ні на ёсць містычным чынам. Ці, лепш сказаць, наогул яго не фарміруем. Ён, гэты змест, фармуецца сам. Так было і з гэтым нумарам.

Як толькі  ўзнікла ідэя наступнага нумара, тэксты ў яго пасыпаліся, як з рукава.

Прафесар Галіна Яструбецкая з Луцка пранавала надзвычайна цікавы матэрыял пра каханне ў жыцці Васіля Стуса -- паэта, які вызначаў твар ўкраінскай літаратуры ў 70-х гадах, Героя Украіны, дысыдэнта, выбітнага стыліста, які быў, дарэчы, родам з Данецка.

Знаёмства на Кангрэсе даследчыкаў Беларусі са спадарыняй Алай Брадзіхінай абярнулася артыкулам пра тэатралізацыю кахання ў сучаснай беларускай літаратуры ...

І хто так напіша пранізліва пра любоў да сваёй мовы, як настаўніца з с. Дывын Кобрынскага раёна Надзея Момлік? Вершы спадарыні Надзеі унікальныя сваёй дакументальнасцю -- рэдка паэзія (ды і наогул літаратура) так поўна адкрывае карціну чужога жыцця. Але мы рады, што публікуем аўтараў, якія маюць рэдкі дар -- тое, пра што яны пішуць ну проста паўстае перад вачыма! Тут ўспомнім і паэзію Ірыны Цілык: кожны яе верш -- сапраўдная гісторыя, аўтар, што па спецыяльнасці з'яўляецца рэжысёрам, з дакументальнай падрабязнасцю паэтызуе рэальнасць. У яе вершах -- гісторыя сучаснай украінскай штодзённасці. Цілык і іншыя сучасныя ўкраінскія паэты публікуюцца ў падборцы вершаў “Толькі не пра вайну”, якую з цеплынёй склаў наш сябар з Кіева, літаратуразнаўца Вячаслаў Лявіцкі.

У гэтым нумары мы адкрываем беларусам Юлю Фінкоўську -- надзвычай таленавітую ўкраінку, проста-такі ўсю вытканую з любові, якая закахалася ў беларускую мову, і стала пісаць на ёй вершы, поўныя фарбаў, пахаў і колераў.

Успамінаем і класікаў. І як! Ёсць у нумары бліскучы дыялог артыкулаў: Ігар Альшэўскі з Украіны і Ганна Севярынец з Беларусі паспрабуюць разабрацца ў мужчынскай натуры Уладзіміра Сасюры, які, падчас прыезду ў Беларусь, здаецца, «закахаўся ва ўсіх беларускіх дзяўчат, разам і паасобку».

У гэтым нумары публікуюцца лісты ўкраінскіх пісьменнікаў да вядомага беларускага празаіка Івана Шамякіна, падрыхтаваныя яго дачкой спадарыні Алесяй. На жаль, чарнавікрў лістоў самога Івана Пятровіча ў сямейным архіве не засталося. Будзем вельмі ўдзячныя ўкраінскім літаратуразнаўцам і нашчадкам згаданых у тэксце асоб за інфармацыю і тэксты перапіскі Івана Шамякіна з украінскімі сябрамі.

У раздзеле "Літаратуразнаўства" Зінаіда Дудзюк з Брэста публікуе лісты, якія атрымлівала ад пісьменніцы з Камянца Святланы Курылёвай. Святлана Курылёва запомнілася тым, што  пісала апавяданні «з жыцця правінцыі”, публікуючы іх ў вядучых дзяржаўных выдавецтвах у савецкія часы, і выкарыстоўвала ў мастацкай прозе мясцовую гаворку. Ад таго прынамсі для брэсцкіх дзяцей яе апавяданні станавіліся цяплей, радней. 
Нязменным застаецца наша пачуццё да Берасцейшчыны, таму, як заўсёды, публікуем важныя краязнаўчыя матэрыялы ад прызнаных аўтараў. Так, любоўю да праўды вызначаецца тэкст дацэнта Ігара Кузняцова. Яго артыкул распавядае пра тое, як цынічна вырашаўся лёс берасцейцаў -- вязняў НКВД, у рэшце рэшт расстраляных савецкімі карнымі органамі ў Брэсцкай крэпасці перад уцёкамі ад немцаў ўлетку 1941.  Парадокс сітуацыі ў тым, што ў крэпасці вісіць памятная табліца гэтым карным атрадзе НКВД, але няма і згадкі аб бесчалавечных, бяссудных расстрэлах, як бы іх і не было.

Брэсцкая крэпасць -- гэта не толькі гісторыя гераізму ці, як бачым, абсурду і цынізму. Гэта таксама і іншыя гістарычныя фарбы, пра якія трэба успамінаць у сучасным свеце. Крэпасць -- гэта, па-першае, стары Брэст: менавіта тут існаваў горад да прыходу рускіх ваенных інжынераў у XIX стагоддзі. Але, выяўляецца, крэпасць -- гэта яшчэ і першы ўкраінскі тэатр у Брэсце! Аб зараджэнні тэатра -- у матэрыяле Аксаны Палій.

Мінулы выпуск быў прысвечаны тэме болю, мы ўзялі курс на абмеркаванне цяжкіх, пакутлівых пытанняў -- і не пралічыліся. Да нас прыходзілі і ўсё яшчэ прыходзяць водгукі на той нумар «Справы». У гэтым выпуску мы публікуем дзве чытацкія рэакцыі на навуковы артыкул Яраслава Антанюка з Луцку, прысвечаны баявым дзеянням УПА на Берасцейшчыне. Адзін тэкст -- ліст чалавека, чыя сям'я стала відавочцамі тых падзей. Неверагодны выпадак, калі мова архіўных дакументаў ажывае ў сямейнай гісторыі. Другі ліст -- чытацкія тлумачэнні да артыкулу Антанюка, дапоўненыя унікальнымі дакументамі з Пінскага занальнага архіва. З іх можна даведацца, як рэагавалі на УПА і АУН мясцовыя жыхары і чаму далучаліся да іх.
 
... А пачынаюць гэты нумар вельмі цёплыя выказванні пра Украіну  Уладзіміра Караткевіча. Мабыць, не будзе перабольшваннем сказаць, што яго светапогляд ды літаратурны талент у многім сфармавалі гады навучання ў Кіеўскім універсітэце ды работы настаўнікам  у сяле пад Кіевам. На ўсё жыццё ў яго засталася любоў да Украіне. «І як ёй аддзячыць? Хіба што адказваючы любоўю на Любоў. А большага яна і не патрабуе».
Альманах можна набыць у кнігарні “Акадэмкніга”, у прыватных распаўсюднікаў.

Прыемнага чытання!

Наталка Бабіна, старшыня Таварыства ўкраінскай літаратуры пры СБП




Паводле прэс-рэлізу