За подпіс супраць гвалту: з БДУ сышоў паэт Алесь Дуброўскі
Дата публікацыі: 26.08.2021
1070

У Беларускім дзяржаўным універсітэце — чарговае палітычнае звальненне, піша ТГ-канал «Студэнцкая думка». «Па пагадненні бакоў» з факультэта журналістыкі сышоў кандыдат філалагічных навук, дацэнт Аляксандр Дуброўскі.
Паведамляецца, што загадчык кафедры Віктар Іўчанкаў абвінаваціў Дуброўскага ў парушэнні карпаратыўнай этыкі. Падставай для гэтага быў подпіс выкладчыка пад калектыўным зваротам супраць гвалту і беззаконня.
Гэта Дуброўскі сам пацвердзіў у сацсетках: «Так, тэма маіх подпісаў пад зваротам гучала, роўна як і тэма парушэння мной «карпаратыўнай этыкі».
Алесь Дуброўскі - аўтар кніг паэзіі «Паміж небам і багнаю» (1997), «Эстэтыка маўчання» (2011), «На тонкай нітачцы» (2021), манаграфіі «Паэтыка Рыгора Барадуліна: рытмічная арганізацыя верша» (2006), зборнікаў багаслоўскіх даследаванняў і рэлігійнай публіцыстыкі, укладальнік вучэбных дапаможнікаў.
На журфаку БДУ Аляксандр Дуброўскі адпрацаваў 11 гадоў.