“Заглянув за свою колыбель…”: да 70-годдзя В. Казакевіча

Неўглядзь набегла на пашанотны юбілей нашаму вядомаму рускамоўнаму паэту і пісьменніку Вечаславу Казакевічу. 

Бялынічы, дзе ён нарадзіўся ў 1951 годзе, былі па тым часе заштатным правінцыйным пасёлкам гарадскога тыпу. Адгуляўшы маленства і скончыўшы там сярэдняю школу, ён адчуў сцісласць гэтай правінцыйнай прасторы, як геаграфічнай, так і духоўнай, настаўнікі і тэлерадыёдыктары пераканалі яго, што Мінск не Масква ды і Беларусь – усяго толькі невялікая частка адносна адной шостай “необъятной” зямной савецкай сушы. Жадалася пашыраць геаграфію… І быў Ленінград з вайсковай вучэльняй (не прайшлі бясследна юнацкія мроі:“она хотела целоваться, а я хотел найти наган”, “А я мечтаю стать разведчиком и действовать в чужой стране.”)… І ўсё ж курсанцкая муштра чамусьці не зайшла будучаму паэту. Таму, вось яна –  Масква, спакуса жыцця, адкуль меўся ён пакарыць алімп сваіх літаратурных хімер. МДУ, філфак – ЦДЛ, хмельны пах багемы… Але расправіць крылы напоўніцу, выдаўшы два заўважаныя літаратурным атачэннем зборнікі паэзіі, не ўдалося з прычын распаду СССР, а найперш, сямейнай бяды (трэба было тэрмінова лячыць сына ад цяжкай хваробы). І тады адбыўся палёт насустрач вечна ўзыходзячаму сонцу – у далёкую і неспазнаную Японію. Сёння ўжо чвэрць стагоддзя мінула з той пары як Вечаслаў Казакевіч стаў “японцам”, пра што, хоць і з адценкам іроніі, але прароча пісаў яшчэ напрыканцы 80-х у вершы “Японскі бог”: “Шелестит берез семья,// и в пыли броня…// О Япония моя,// милая моя!”… І цяпер, здавалася б, увесь бязмежны свет перад паэтам адкрыўся ў незвычайным ракурсе і новых адценнях. Але чалавек – слабая істота. Яму паступова і тут пачынае бракаваць гармоніі жыцця. А бліжэй да пашанотнага ўзросту і ўвогуле апаноўвае настальгія: усё часцей навальваецца пожад зазірнуць у самы пачатак свайго жыццёвага шляху, прыхіснуцца да памяці, як да балючай незагойнай раны, і, хоць у подумках, вярнуцца да былога – да вытокаў, да правінцыйных Бялыніч, да калыскі дзяцінства, да магіл бацькоў і крэўнасці роду свайго...

Яшчэ на схіле савецкай эпохі  Вечаслаў Казакевіч пісаў метафарычна, але блізка да рэальных супадзенняў, бо вось жа яно – перад вачыма і па сёння:

“Поселок городского типа.
К забору притулилась липа.
Под липой шаткая скамья,
на ней сидит моя семья.  
………………………………… 
Кругом растет трава сырая,
сверкают звезды в вышине…
И я бы сел на лавку с краю,
но не осталось места мне”.

На сёння там з жывых засталася толькі сястра, месца павінна было б хапіць, ды ўжо лаўка тая даўно згніла… А было ж, было тое вялікае пачуццё бацькаўшчыны, калі, як магчымае, уяўлялася вечна-высокае, за што ты гатовы аддаць усё:

“За дом, за кошку на диванчике,
за бабку, что устала жить,
все десять тысяч одуванчиков
готовы головы сложить”.

Хоць насамрэч:

“Никакой и не было державы,
никакой и не было страны…
Только двор, где на веревке ржавой
вверх ногами дрыгались штаны.
…………………………………………
Ни морей, ни замков, ни парадов,
только двор с портками на ветру.
Пусть я буду беспримерным гадом,
если за него я не умру!”

За гэты двор, за гэту Айчыну… Таму, што сёння нават там, у Японіі:

“Широко уставясь на горы
и на рисовые поля,
все равно я вижу над бором
белорусского журавля.
Он в камыш идет на посадку,
успевая пробормотать:
-- Я, как видишь, туточки, братка,
а тебя давно не видать!”  

Як напісаў пра Вечаслава Казакевіча расійскі крытык Аляксандр Лобычаў, “застаючыся адначасова прафесарам японскага універсітэта, вясёлым філосафам. самотным перасмешнікам, стваральнікам казак па шчупаковым загадзе, майстрам традыцыйнага верша і наіўным жывапісальнікам  рускага і японскага жыцця, ён заўсёды на шляху ў дзяцінства, таму што гэта лепшае, на яго думку, што нас чакае наперадзе”.
Ну, а што тычыцца цяперашняга, то:

“Пусть жизнь, будто дерево треснула, 
о будущем стану мечтать!
Ведь столько еще интересного:
спиваться, стареть, умирать”.

Як трапна заўважыў вышэй згаданы крытык датычна гэтай страфы: “Успышка лёгкай дасціпнасці, , вясёлай і мудрай іроніі, што раптам, менавіта раптам, асвятляе, як быццам бы, безвыходную цемру жыццёвай сітуацыі, ператварае вершы з узору звычнага для рускай паэзіі трохстопнага амфібрахія ў зарад чыстай паэзіі. І адкрываецца праўда, прасвет, радасць. І радасць гэтая як пачуццё вызвалення ад падступаючай да сэрца і памяці сляпой цемры”.

Менавіта такі вобраз паэта паўстае ў яго, блізкай да аўтабіяграфічнай, паэзіі (а да гэтага часу пабачылі свет сем зборнікаў Вечаслава Казакевіча: “Праздник в провинции” (1985), “Кто назовет меня братом?” (1987), “Лунат” (1998), “Ползи, улитка” (2004), “Жизнь и приключения беглеца” (2006), “Сердце-корабль” (2010) и  “Из вихря и луны” (2013).

А што ж кажа нам яго “сярмяжная проза”, якой апошнія пятнаццаць гадоў ён аддае пераважную большасць свайго творчага часу? За гэты перыяд ім напісана, прынамсі, выдадзена ў свет дзве празаічныя кнігі: “Охота на майских жуков” (2009) і “За мной придёт единорог” (2016) ды добрая вязанка дасціпных таленавітых аповедаў, што перыядычна друкуюцца ў знакавым расійскім часопісе “Знамя”. (Трэба дадаць, што ў 2004 годзе ў перакладзе на японскую мову выйшла кніга В. Казакевіча “Прославление заката”.)  Зноў жа спашлюся на А. Лобычава, які сцвярджае, што “поэзия Казакевича действительно вырастает на прозаической почве, которая утоптана ногами самого автора”, дадаючы, што “зная стихи автора, повесть вполне можно прочесть как своего рода прозаический комментарий к стихам”. У працытаваным пасажы адсыл вядзецца да аповесці “Охота на майских жуков”, у якой сам тон гаворкі з чытачом (даверліва-раскаваны, шчыры, амаль сяброўскі) дадае шарму ўсяму твору цалкам. Савецкая рэчаіснасць, запомненая вачыма падлетка, не падаецца ўжо такой закабаленай, ідэалагізаванай, змрочнай, а наадварот – нейкай правінцыйна-захапляльнай, прыцягальнай сваёй простасцю і чалавечнасцю, пэўнай маральнасцю адносна цяперашняга часу, і ў рэшце рэшт, настальгічнай любоўю да свайго мінулага… Аўтар са свайго цяперашняга ўзросту стараецца як мага менш і заўважней рэдагаваць уражанні ўласнага маленства.

Што да мовы твора, то гэта пераважна гарадская трасянка з беларускай вясковай лексікай (“стихни, похвалиться, кличет, Перун, сховай”) і безмацюжнай лаянкай-сваркай (“Что б его буря разорвала! – досадливо желала сорняку Марьяна.”; “Холера его возьми! – негодовала мать.”; “Чтоб ты горой стал! – пожелала мать (мышаняці, “мышонку – ЛеГАЛ)”. Магчыма, аўтар наўмысна ўнікаў больш поўных праяў беларушчыны, хоць праз наяўныя яркія маналогі і дыялогі раз-пораз усё ж праяўляюцца нацыянальныя характары герояў займальнага твора. Дадам, што літаратурны стыль празаіка – каларытны, з іранічным прымешкам, а падчас і лёгкім сцёбам, у меру метафарычны, які не трымае чытача на павучальнай дыстанцыі, а наадварот – далёка ад сябе не адпускае... Ну і зазначу, што пісьменнік застаецца лірыкам ва ўсіх сваіх жанрах. Гэта яго натуральны адпрыродны стан душы. І хоць проза яго рамантычна-спавядальная, але мае заўсёдную сюжэтную інтрыгу і часта змушае чытача быць калі не саўдзельнікам гісторыі, то суперажываць дзеянне разам з яго героямі (тут я ўжо пераходжу да гаворкі пра аповесць “Ко мне придёт единорог”). Гратэск, гіпербала, яркая маляўнічая метафара – вось тыя літаратурныя тропы, якімі найчасцей аперыруе ў згаданым творы аўтар. Таму чытаючы аповесць захапляешся не столькі яе сюжэтам, але, найперш, арыгінальным стылем пісьменніка, яго неардынарнымі карцінамі правінцыйнага жыцця і вобразамі вясковых дзівакоў. Захапляючыся дзіцячым светам падлеткаў, аўтар не забывае (ці то наўпрост, ці то ў падтэкстах) паказваць сацыяльны і ментальны зрэз правінцыйнага беларускага грамадства падчас сацыялістычнага савецкага ладу, у прыватнасці на Магілёўшчыне. І хоць пісьменнік не ставіў сабе за мэту глыбока раскрыць ідэалогію і бальшавіцкі метад кіравання сялянствам і аграрнай сістэмай, а хацеў толькі вымаляваць па памяці тыя жывыя чалавечыя (найперш уласныя дзіцячыя, безадносныя да грамадскага ладу) суперажыванні. У аўтара не было зададзенасці паказаць і выявіць вачыма падлетка ўсе з’явы грамадскага часу такімі, якімі яны былі насамрэч, а толькі абазначыць іх на фоне дзіцячай псіхалогіі і ў працэсе станаўлення характара падлетка.

Зноў жа, як і ў папярэдняй аповесці, кідаюцца ў вочы нацыянальныя праявы ў яго мове (буракі, панчохі, нясмачна, кадушка, ёлуп, хлопец, здор…), у апісанні прыроды, характараў герояў… і поўнай адсутнасці ўпамінання СССР. Усё гэта недзе як бы там – далёка, а тут – сваё, блізкае, суверэннае правінцыйнае сялянскае жыццё… Гэтая кніга не для тых, хто ўсё яшчэ будуе паветраныя замкі, а для тых, хто жыве ў даўно збудаваных шапаткіх буданах свайго дзівоснага дзяцінства, у своеасаблівым прытуле, для супакаення зняверанай на жыццёвых раздарожжах душы.  Адчуваецца, што кніга спісвалася як бы з памяці аўтара-хлапчука, а падсвядомыя (падтэкставыя) бязмоўныя падказкі рабіліся ўжо сённяшнім, аддаленым ад напісаных дзей, мудрым і вопытным прафесарскім розумам… Аднак як ні дзіўна, такі творчы сімбіёз, надае мастацкаму складніку аповесці не толькі крэатыўнасці, але і перасільвае сённяшні магчымы чытацкі недавер да нашага мінулага – прасветлага і незабыўна-настальгічнага, не зважаючы ні на што…  Апошнія гадоў пятнаццаць Вечаслаў Казакевіч піша (прынамсі, публікуе ў вядомых маскоўскіх выданнях) ёмкія аповеды з адсыламі да асацыяцый свайго савецкага мінулага і цяперашняга японскага жыцця. Пра яго творчасць пісалі і пішуць многія расійскія крытыкі і літаратуразнаўцы, апроч ужо згаданага Аляксандра Лобычава, гэта, прынамсі, Уладзімір Славецкі, Сяргей Казначэеў, Юрый Кабанкоў, Юлія Шастакова, Наталля Кальцова… Некаторыя з аповедаў В. Казакевіча ўжо друкаваліся ў перакладзе на беларускую мову ў часопісе "Дзеяслоў", а іх чарговая нізка чакае сваіх чытачоў у 115 нумары гэтага выдання. Таму я ўпэўнены, што беларусы, і не толькі рускамоўныя, адцемяць для сябе выбітнае пісьменніцкае імя Вечаслава Казакевіча, як адно з найбольш таленавітых, хоць яшчэ як след і  не спазнаных на Бацькаўшчыне, каб ужо ў недалёкім часе разлічваць на выданне яго кніг на існай Радзіме. І ўвогуле, давайце будзем усё вартае, створанае беларусамі, дзе б і кім бы яны ні былі, лічыць сваім скарбам. У дадзеным выпадку – літаратурным. Нездарма ж больш за сорак год таму Казакевічам напісалася:

“...я стоял, того не зная,
что от Витебска до Бреста,
рядышком и вдалеке,
не было прекрасней места,
чем мое, на большаке”.

Вядома мы найперш, дбаючы пра сваё, жадаем творцу самага шырокага чытацкага прызнання.  А самога Вечаслава Сцяпанавіча віншуем з пашанотным юбілеем! Зычым яму здароўя і новых творчых поспехаў!                                                                                                                 



ЛеГАЛ, для lit-bel.org