«Запаветы» і «Дзяўчына, жанчына, астатнія»: названы галоўныя англамоўныя раманы

Букераўская прэмія следам за Нобелеўскім камітэтам абвесціла ў гэтым годзе адразу двух лаўрэатаў. Такім чынам журы «паўстала супраць правіла "толькі адзін пераможца”».

Прыз атрымалі Маргарэт Этвуд за сваю кнігу «Запаветы» («The Testaments») і Бернардын Эварыста за кнігу «Дзяўчына, жанчына, астатнія» («Girl, Woman, Other»).

Бернардын Эварыста англа-нігерыйская аўтарка сямі кніг прозы і паэзіі, якія вывучаюць аспекты афрыканскай дыяспары: мінулае, сучаснае, рэальнае, уяўнае. Раман «Дзяўчына, жанчына, астатнія» на думку журы, расказвае «пра сучасную Брытанію і жаночае жыццё. Гэта сур’ёзны, жорсткі раман пра жыццё чорных брытанскіх сем'яў, іх барацьбу, боль, смех, тугу і любоў. З асляпляльным рытмам Эварыста вядзе нас у падарожжа міжгенерацыйных гісторый, рухаючыся па розных прасторах і спадчыне: афрыканскай, карыбскай, еўрапейскай. Яе 12 галоўных герояў выконваюць максімумы і мінімумы нашага грамадскага жыцця. Яны мастакі, банкіры, настаўнікі, прыбіральшчыцы, хатнія гаспадыні і знаходзяцца на розных этапах жаночага веку, ад падлеткавага ўзросту да старасці. Яе стыль гарачы, востры, напоўнены энергіяй і гумарам. Мова ахінае чытача сілай, вуснымі традыцыямі і паэзіяй. Гэта раман, які заслугоўвае таго, каб яго прачыталі ўголас». 

Дарэчы, Бернардын Эварыста першая цемнаскурая жанчына, якая выйграла Букер.

Маргарэт Этвуд – пісьменніца, паэтка, крытык, даследчыца літаратуры. У 2000 годзе ўжо атрымлівала Букераўскую прэмію за раман «Сляпы забойца». Твор «Запаветы» на думку журы «дзікі і прыгожы раман, які сёння з намі размаўляе з перакананасцю і сілай. Планка, усталяваная Этвуд, незвычайна высокая. Яна лунае».

Букераўская прэмія (The Booker Prize) – прэстыжная ўзнагарода ў галіне літаратуры, якая выдаеца з 1969 года. З 2014-га прэмія прысуджаецца за лепшы англамоўны раман незалежна ад грамадзянства аўтара. У 2005 годзе быў заснаваны Інтэрнацыянальны букер (The International Booker), які атрымлівае аўтар, твор якога перакладзены на ангельскую мову.

Раней лаўрэатамі прэміі станавіліся Джэром Дэвід Сэлінджэр, Кадзуа Ісігура, Майкл Андатжэ ды інш.

 

Саюз беларускіх пісьменнікаў