Затрыманы паэт Мікола Папека. Ён у ізалятары ў Берасці


Пра гэта з’‎явіліся паведамленні ад сяброў і паплечнікаў паэта ў сацыяльных сетках. Паводле іх, адбылося гэта ў 06:45 раніцы 30 лістапада ў вёсцы Лінава на Пружаншчыне, пасля чаго Міколу Папеку павезлі ў Берасце.

Інфармацыю пацвердзілі і берасцейскія праваабаронцы «Вясны», дадаўшы што ён затрыманы па крымінальнай справе і знаходзіцца ў ІЧУ Ленінскага раёна Берасця. Па якім эпізодзе, пакуль невядома. 

Ад сяброў Міколы Папекі, якія спасылаюцца на ягоную жонку, вядома што з ім працуе адвакат, які будзе інфармаваць пра ягоную справу сваякоў. «На дадзены момант з ім усё добра», – паведамілі сябры. Праваабаронцы дадаюць, што перадачу для паэта-пчаляра можна перадаць у сераду з 10 да 12 раніцы. Адправіць тэлеграму ці ліст, па стане на сённяшні дзень, яму можна на адрас: Берасце, вул. Паўночны Гарадок, 10, ізалятар часовага ўтрымання.

Мікола Папека жыве ў вёсцы Лінава на Пружаншчыне. У 1999 годзе выдаў зборнік вершаў “Чарнавікі” з прадмовай Міколы Купрэева. Гэты зборнік у 2000 годзе атрымаў прэмію “Гліняны вялес-99”. А яшчэ Мікола Папека з’яўляецца заснавальнікам штогадовай літаратурнай “Мядовай прэміі”, пераможца якой штогод атрымлівае пуд мёду.



Беларускае Радыё Рацыя