І здзейсніцца Дзісна! Вользе Грыцук — 90!

Вольга Грыцук

Вольга, дачка Васіля Дуброўскага, назаўсёды пакінула руіны згарэлага ад бамбёжак дома ў 1944 годзе. Праз 60 гадоў пасля тых падзей пачалася наша перапіска і прадаўжаецца да гэтага часу. Лагоднай, чулай, зычлівай суайчынніцы прысвячаў вершы, дбаю, каб і на яе радзіме захаваліся добрыя згадкі пра зямлячку. Мы аднадумцы ў галоўным – у любові і павазе да свайго айчыннага мацерыка.

Невымерны патрыятызм Вольгі — гэтай прыўкраснай галінкі на радаводным дрэве Дуброўскіх – натхняе чытача яе кнігі “Мы стваралі сваю Беларусь (Жыццё і дзейнасць Аляксея Грыцука)”. Гэты зборнік  выдадзены ў  Мінску ў 2007 годзе. Такім чынам была ўзноўлена памяць аб адным з лідэраў пасляваеннай эміграцыі ў Канадзе Аляксею-Алесю Грыцуку (1910—1976)—таленавітым і мужным сыне беларускага народа, які пакінуў у памяці сучаснікаў, як пісала ў артыкуле “Ад укладальніцы” Вольга Іпатава, моцны духоўны імпульс.
Сваім уступным словам “Дзякуючы ім жыла Беларусь на чужыне” далучылася да гэтага выдання і Івонка Сурвілла, старшыня Рады БНР.

Чытачы кнігі пазнаёміліся з багатай творчай спадчынай Аляксея Грыцука – мужа спадарыні Вольгі. А пісьменніца Вольга Іпатава правяла літаратурную апрацоўку і творчых набыткаў самой Вольгі Васільеўны --- пра Паўліну Мядзёлку, уладыку Мікалая з Таронта…

Чытаю радкі маёй зямлячкі з аповеда “Маё жыццё да сустрэчы з Алесем”: “Мая радзіма – Дзісеншчына. І дасюль, як заплюшчу вочы, бачу свой родны дом, над якім узыходзіць сонейка, росныя ранкі, прыгожую беларускую прыроду. Усё гэта застаецца з чалавекам навечна, і я не магу зразумець тых, хто лёгка забываецца на сваю зямлю, сваю родную мову, на ўсё тое, што робіць чалавека чалавекам”.

Вольга Грыцук, натхнённая сваім мужам, стала актыўнай дзяячкай беларускага руху. У 1965 годзе яна была адной з арганізатараў Згуртавання беларускіх жанчын Канады. У 1975-м  абрана старшынёй ЗБЖ і ўзначальвала Згуртаванне да 1993 года. Узгадваю, як я быў расчулены кароткім аповедам спадарыні Вольгі пра дзяўчынку Лену, якая была “…жывой кветачкай з роднай Беларусі”. І не толькі Лену ратавала ад чарнобыльскіх хваробаў Вольга Грыцук і салідарныя з ёю жанчыны Канады.

І зноў невялікая цытата з названай кнігі Вольгі Грыцук: “Тут, у Канадзе, мы адбудавалі сваю Беларусь, мы стварылі яе наўзамен той,якую страцілі і аб якой заўсёды марылі. Як маглі, стараліся працаваць дзеля яе…”

Пісьмы з Беларусі Вольгі Грыцук на маю паэтычную Беларусь, у прыдзвінскае незабытае юнацтва станавіліся цытатамі ў маіх вершах. І за гэта пасылаю вялікую падзяку ў Канаду.

Сёлета спадарыня Вольга ўжо адзначыла адну незабыўную падзею – 55-годдзе яе шлюбу з Аляксеем-Алесем, якому яна аддала ўсю сваю любоў і ласку. А юбілей поўні жыцця канадскай беларускі-крывічанкі – лагодная магчымасць падзякаваць ёй за велічнасць духу, ахвярнасць, узбагачэнне  меданоснага нацыянальнага вулея, перадаць “гаспадыні, сьлічнай пані” пажаданне з нашай прыдзвінскай велічальнай песні: “У тваім дамку – як у райку! Няхай так будзе!”. 

Сяргей Панізнік, для Lit-bel.org

І здзейсніцца Дзісна!

"Мая радзіма – Дзісеншчына. ...І я не магу зразумець тых,  хто лёгка забываецца на сваю зямлю, сваю родную мову, на ўсё, што робіць чалавека чалавекам".                    

Вольга Грыцук з дому Дуброўскіх

     
Жыла ў  Дзісне з Дуброўскімі, Ластоўскімі,
тут чула Жаўняровіча псалмы...
Дасюль Дзісна ні крыгамі, ні войскамі
не змецена: тут Адзігітрыя і мы.

Да Друі, да Лявонпаля, да Браслава
схіляюца чупрыны курганоў.
І сёння ёй, Васільеўне, прыўкраснага 
тут вельмі многа для паромаў-сноў.

Дарожкаўскую вуліцу з каштанамі,
муры, капліцу помніла дзяўчо...
...Пранесліся нягоды – ураганамі
і пад спадзеў падстаўлена плячо.

Каханейка  пякучае  не стоміцца
збіраць сляды дзяцінства ля Дзвіны...

Ёй здзейсніцца Дзісна! Вярба памоліцца,
каб наша суайчынніца-патомніца
прыйшла на фэст пад родныя званы.

Сяргей Панізнік

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"