Топ-8 жудзікаў па-беларуску

Ілюстрацыя Аляксея Навіцкага да кнігі «Заклятыя скарбы»

Хэлоўін прайшоў, надышлі Дзяды. Нашыя продкі верылі, што ў гэты час мяжа між рознымі светамі – светам жывых і нежывых – станчаецца. На вуліцы халодная восень, і калі нікуды не хочацца ісці, можна занурыцца ў кнігу і паказытаць свае нервы ў гэты містычны час. 

Прапаную 8 самых вусцішных твораў на беларускай мове. Толькі сцеражыцеся, будзе вельмі страшна!


1.Пачнем канешне ж з «Дзядоў» Адама Міцкевіча, нагода абавязвае. Гэтая паэма, канешне, не хорар дый мэты такой перад Міцкевічам не стаяла. Ён расказвае пра старажытны паганскі звычай памінання продкаў. «Пабожная сьвятая мэта, самотнае месца, начны час, фантастычныя абрады калiсьцi моцна хвалявалi маё ўяўленьне; я ўслухоўваўся ў казкi, апавяданьнi i песьнi пра нябожчыкаў, што вяртаюцца з просьбамi цi перасьцярогамi; i ва ўсiх гэтых пачварных змысьленьнях можна было ўлавiць пэўныя маральныя iдэi, пэўныя павучаньнi, вобразна выказаныя народам». Карацей, без мерцвякоў тут не абышлося:

Персi ўзьнялiся, хоць кроў не сагрэта,

Блiснула ў зрэнках на мiг адчуваньне.

Зноў ён на сьвеце, але не для сьвету.

Кiм ён прыйшоў сюды? – Зданьню.

Той, хто жыве каля могiлак, знае,

Здань раз у год прачынаецца ўночы

I ў час памiнак магiлу ўскрывае,

Быць мiж людзей яна хоча.

(Пераклаў Серж Мінскевіч)


Кроў ад гэтай паэмы не астыне ў вашых жылах, але прачытаць гэты манументальны твор трэба абавязкова.


Знайсці паэму можна тут.



2. Ну раз мы ўжо распачалі гуляць па могілках – будзем працягваць у кампаніі з Эдгарам Аланам По. У вершы «Улялюм» распавядаецца, як герой не разумеючы ні часу, ні пары блукае па вуліцы, размаўляючы са сваёй душою. Не разумеючы свайго суму, герой раптам апынаецца перад склепам сваёй каханай, якая памерла летась. Час, які апісваецца ў вершы – кастрычнік і ў прыродзе вакол героя такая ж безнадзейнасць і спустошанасць.

Увогуле, для творчасці По вельмі характэрны самнамбулізм герояў, іх жыццё і ўчынкі мы бачым быццам праз туман сну ці галюцынацыі. У «Берэніцы» у героя перад вяселлем памірае нявеста і ён заглыблены ў свой сум правальваецца ў нейкае таямнічае бяспамяцтва. Але герой не просты персанаж, у ягонай шафе ёсць сакрэтны шкілет: ён апантаны... зубамі сваёй нявесты Берэнікі. Пасля пахавання каханай ён нічога не памятае і не разумее, але хутка становіцца зразумела, да чаго прывяла ягоная монаманія:

«Ён (слуга) апавядаў пра шалёны крык, які разарваў начную цішу, пра тое, як усе ў доме сабраліся, як рушылі на голас – тут яго словы зрабіліся пранізліва-выразнымі, ён пачаў нашэптваць мне пра апаганеную магілу, пра знявечанае захутанае цела, якое ўсё яшчэ дыхала, усё яшчэ білася, усё яшчэ было жывым!» 

(Пераклала Ганна Янкута).


Пачытаць яшчэ больш жудасных гісторый Эдгага Алана По і паглядзець на цікавыя ілюстрацыі можна тут.

Бррр. Вам усё яшчэ не страшна? Тады хадзем у склеп!


3. Говард Філіпс Лаўрафт, «Склеп».

Бацька Ктулху пісаў і не толькі пра страхі нязведанага, але і «традыцыйныя» жудзікі. Расповед у «Склепе» вядзецца ад імя маладога чалавека, які ў нейкі момант свайго інтравертнага жыцця стаў апантаны ідэяй… паляжаць у склепе. Скажу адразу: у яго атрымалася, праўда скончылася ўсё не вельмі.

«У адной незвычайнай нішы была незанятая труна ў даволі добрым стане, аздобленая толькі імем, якое выклікала ў мяне адначасова і ўсмешку, і дрыжыкі. Раптоўны парыў прымусіў мяне ўскараскацца на шырокую пліту, пагасіць свечку і легчы ў свабодную труну» 

(Пераклаў Павел Донаў).


Знайсці яшчэ болей Говарда Філіпса Лаўкрафта можна тут.

4. Яраслаў Івашкевіч, «Маці Яна ад анёлаў».

У капліцу схадзілі, па могілках пагулялі ў труне паляжалі. Самы час – у манастыр. Але і тут нешта не так. У манастыры сясцёр-уршулянак пасяліліся бесы, горш за ўсё становішча ў маці Яны, якой тэрмінова патрэбны экзарцыст.

« – Маці Яна, маці Яна, – бездапаможна паўтараў ён.

– Я – не маці Яна, – завішчэла страшная жанчына. – Не пазнаеш мяне? Гэта я, твой брат, Исакаарон! Я Валаам! Я Асмадэй! О, не думай, падстарак, што мы спужаемся тваёй свянцонай вады, тваёй лацінскай балбатні! Мы спрытныя бесы, з намі не жартуй, як возьмем чыюсьці душу пад апеку, дык не адпусцім яе так лёгка. А ў дадатак яшчэ і цябе сцапаем, стары, агідны поп!

Насамрэч, Аповесць Івашкевіча куды глыбей, чым падаецца спярша. І можа гэта не бесы, а «уласная чалавечая прырода»? І значыць, што ў кожным з нас жывуць свае дэманы.


Кніга Яраслава Івашкевіча тут.

5. Вільгельм Гаўф, «Гісторыя пра адсечаную руку»

Казкі для дарослых – жанр цікавы і складаны, а Вільгельм Гаўф тут сапраўдны гуру. Ёсць у ім нешта і ад Эдгара По, і ад фальклорнай казкі, аднак, Гаўфа ні з кім іншым не пераблытаеш.

«Я дастаў інструменты, якія як лекар заўжды трымаў пры сабе, і наблізіўся да ложка. Бачная была толькі галава трупа, але яна была такая прыўкрасная, што мяне міжволі ахапіў глыбокі жаль. Даўгія цёмныя косы, аблічча бледнае, вочы заплюшчаныя. Я зрабіў надрэз на скуры, як гэта звычайна робяць лекары, перш чым адрэзаць нейкую частку цела. Затым узяў свой самы востры нож і адным ударам рассек горла. Але які жах! Мёртвая расплюшчыла вочы – і адразу ж ізноў апусціла вейкі, з глыбокім стогнам толькі цяпер выдыхнуўшы з сябе жыццё». 

(Пераклала Наталля Давыдоўская)


Пазнаёміцца з творамі Вільгельма Гаўфа можна тут.


6. «Мертвяцы», укл. Антон Францішак Брыль.

Стасункі з памерлымі продкамі – даўняя завядзёнка беларусаў. На кожнае свята клікалі дзядоў, якіх трэба было карміць і шанаваць (гл. першы пункт). Іншая справа мерцвякі – персанажы негатыўныя і небяспечныя. У беларускай мове нават два словы існуюць, з тонкай семантычнай розніцай: нябожчык і мярцвяк.

Антонт Францішак Брыль сабраў самыя жудасныя расказы пра стусункі з іншасветнымі стварэннямі са збору Еўдакіма Раманава. Сапраўдныя жывыя жахі сведкаў пазамінулага стагоддзя.

«Полѣзла яна дыставаць лошку, коли пылядзиць, ашъ у ихъ ноги коровъи. Ну, яна скорѣй зъ-за стола ды на вулицу, стала сусѣдзявъ зваць. Пришли сусѣдзи у хату, ашъ хата отчинята, и нема никого. А тэй жонки тольки шкура висиць на печцы».


Пачытаць хорар 19 стагоддзя можна тут.


7. Валеры Гапееў, «Праклён».

Ну калі яны былі, тыя мерцвяцы! Прабабкі і прадзеды ў іх мо яшчэ і верылі, але што нам тое цяпер! Калі ўзнікаюць такія думкі, варта прачытаць Валеры Гапеева, бо ў ягонай кнізе дыскурс традыцыйнага містычнага светаўспрыняцця змяшчаецца ў сучасны гарадскі кантэкст.

«У вокнах бабульчынага дома Уладзімір яшчэ раней адзначыў неверагодную прапорцыю, і вокны ад яе выглядалі не мёртвымі маскамі, а тварамі жывых і злых істот.

Ён акурат параўняўся з цёмным акном. І сам потым не ведаў, чаму ён узняў вочы. Можа, бочным зрокам заўважыў нешта незвычайнае, ці нейкі рух.

Стаў і стаяў, халадзеючы і, здавалася, трацячы свядомасць, глядзеў на акно.

З ягонага пакоя, прыціснуўшы твар да самай шыбы, так, што расплюшчваўся тонкі хцівы нос, вышчарыўшы жоўтыя тонкія зубы, з вар’яцкай нянавісцю глядзела на яго гаспадыня, Марыя Фамічна».


Знайсці кнігу можна тут.

8. Заклятыя скарбы, укладанне Уладзіміра Ягоўдзіка.

Гэтая кніжка фальклорных тэкстаў пра ўсялякіх іншасветных персанажаў, што гойсаюць вакол людзей і імкнуцца ўсяляк ім нашкодзіць, а яшчэ і пра тое, што самі людзі праз сваю сквапнасць і злосць наклікаюць на сябе ўсялякую бяду.

Вось толькі калі бярэш гэтую кнігу ў рукі страшна становіцца не ад тэкстаў, але ад ілюстрацый Аляксея Навіцкага. Вось дзе сапраўды мастак перавыканаў план. І хоць гэтыя легенды і паданні адрасаваліся менавіта дзецям, я баялася гэтай кнігі ўсё сваё дзяцінства, а цяпер кніга – сапраўдны рарытэт.


Пазнаёміцца з гісторыямі і ілюстрацыямі можна тут.


Кавалёва Ганна для lit-bel.org