Журы назвала шорт-ліст прэміі Арсенневай
Дата публікацыі: 12.09.2018
5788

- Алесь Разанаў. Перавыбранае. Выдавецтва Змітра Коласа, Мінск.
- Антон Францішак Брыль. Цмачанка. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.
- Вальжына Морт. Эпідэмія ружаў. Выдавецтва “Логвінаў”, Вільня.
- Валянціна Аксак. Завінены рай. Выдавецтва “Галіяфы”, Мінск.
- Вольга Гапеева. Граматыка снегу. Выдавецтва “Галіяфы”, Мінск.
- Ігар Кулікоў. Валадар загадак. Выдавецтва “Медысонт”, Мінск.
- Іна Снарская. Вогнепаклонніца. Выдавецтва “Кнігазбор”, Мінск.
- Міхаіл Рубін. Пераклад з Іншага. “Издательские решения” па ліцэнзіі Ridero
- Усевалад Сцебурака. Сны дарог. Выдавецтва “Медысонт”, Мінск.
Цырымонія ўзнагароджання пераможцы адбудзецца 20 верасня а 19:00 у кафэ “Грай” (вул. Iнтэрнацыянальная, 33).
Адметна, што на паэтычную прэмію, названую ў гонар зоркі беларускай эмігранцкай паэзіі Наталлі Арсенневай, сёлета прэтэндуюць тры паэт_а/_кі, якія стала жывуць за межамі Беларусі, — Антон Францішак Брыль, Вальжына Морт і Іна Снарская.
Сябрамі журы Прэміі ў 2018 годзе з'яўляюцца: паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, літаратуразнаўца і пісьменніца Вольга Іпатава, паэт і выдавец Дзмітрый Строцаў, паэтка і перакладчыца Марыя Мартысевіч і паэтка Наста Кудасава. Сябры журы не галасуюць за кнігі, рэдактарамі якіх яны былі.
Леташняя ўдзельніца Прэміі і сёлетняя сябра журы, паэтка Наста Кудасава, адзначае: “Цешуся, што мне выпала гэтакая прыгода — пракаўтнуць столькі паэзіі за адным махам. Далягляд адкрыўся неверагодны, канечне. І ўсведамленне, наколькі ж мы багаты народ, раз маем такую размаітасць творцаў. Хочацца найперш дзякаваць усім аўтарам за сілы і крылы, за тое, што не спыняюцца адчуваць, называць, трансліраваць галоўнае.”
Літаратурная прэмія імя Наталлі Арсенневай ушаноўвае аўтара ці аўтарку найлепшай паэтычнай кнігі на беларускай мове, выдадзенай у папярэднім Прэміі годзе. Арганізатары прэміі — Беларускі ПЭН-цэнтр, ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Узнагарода ўручаецца пры падтрымцы Фонда культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі.
Прэмія заснаваная ў гонар беларускай паэткі Наталлі Арсенневай (1903—1997) у 2017 г. і ўручаецца за найлепшую паэтычную кнігу на беларускай мове. Першым лаўрэатам прэміі стаў Уладзімір Някляеў за зборнік паэзіі “Толькі вершы”.
Сачыце за навінамі прэміі праз старонку прэміі (https://www.facebook.com/paezija) на фэйсбуку.
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"