Зьнічу (Алегу Бембелю) — 80!


16 снежня беларускаму паэту Зьнічу (Алегу Бембелю), які жыве ў Жыровічах на Слонімшчыне, спаўняецца 80 гадоў.

Зьніч – гэта той самы інак Мікалай, а цяпер – манах Іаан. Амаль чвэрць стагоддзя паэт Зьніч жыве ў Жыровічах, пакінуўшы родны Менск, дзе нарадзіўся ў сям’і вядомага беларускага скульптара Андрэя Бембеля. 

У свой час Алег Бембель атрымаў добрую адукацыю. Скончыў Менскае музычнае вучылішча і Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па спецыяльнасці фартэпіяна. Працаваў выкладчыкам музыкі ў Глыбокім і Менску. Вучыўся ў Інстытуце філасофіі і права АН БССР, працаваў навуковым супрацоўнікам гэтага ж інстытута. 

У 1985 годзе ў Лондане Зьніч выдаў кнігу “Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс”. За гэта Алега Бембеля звольнілі з Інстытута філасофіі і права. У 1990-х гадах ён становіцца актыўным удзельнікам беларускага нацыянальнага руху, друкуе свае вершы ў ЗША і Польшчы. Становіцца сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў, працуе ў Нацыянальным навукова-даследчым цэнтры імя Францыска Скарыны. 

З 1996 года манах Іаан жыве ў Жыровічах. Па-ранейшаму піша вершы, выдае багаслоўска-літаратурна-мастацкі лісток “Жыровіцкая абіцель”, прымае ўдзел у грамадска-культурным жыцці Беларусі. З друку выходзяць яго кнігі вершаў “Саната ростані”, “Рэха малітвы”, “Малітвы за Беларусь”, “Між тэктанічных пліт…”, “За мурам”, “Крэсіва” і іншыя. Разам з паэтам Алесем Клышкам свет пабачылі кнігі сумоўяў “Жыровіцкія камяні”, “Шлях да Жыровічаў”, “Жыровіцкая пастараль” і “Званіца”, якія былі прысвечаны духоўнаму адраджэнню Беларусі. 

Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра віншуе паэта Зьніча і манаха Іаана з днём нараджэння і зычыць новых духоўных здзяйсненняў, творчых набыткаў, натхнення на новыя кнігі!



Паводле: Беларускае Радыё Рацыя