Знойдзеныя ў перакладзе: агледзіны польскай літаратуры

Пераклад літаратуры пераадольвае адлегласці ў прасторы і часе, здымае моўную і культурную (сама)ізаляцыю, робіць далёкіх класікаў “сучаснікамі”, а замежных сучаснікаў “землякамі”. Што і пакажа цыкл анлайн-сустрэч з беларускімі перакладчыкамі польскай паэзіі і прозы.

Арганізаваны Польскім Інстытутам у Мінску пры падтрымцы выдавецтва “Логвінаў” цыкл “Санаторый пад клепсідрай” уключае літаратурныя чытанні і размовы пра культавых польскіх аўтараў ХХ-ХХІ стагоддзя, сярод якіх ёсць і нобелеўскія лаўрэаты і лаўрэаткі. Файная магчымасць, не пакідаючы кватэры, пачуць геніяльную паэзію, зацікавіцца актуальнай прозай, зарыентавацца ў найлепшых кніжных выданнях польскіх пісьменнікаў па-беларуску.

Падчас пятай сустрэчы Марына Шода і Андрэй Хадановіч зладзяць агледзіны найцікавейшых кніжных публікацый, зробленых беларускімі перакладчыкамі і выдаўцамі польскай літаратуры. Вы пачуеце пра папулярныя выданні і кнігі для эстэтаў, “стопрацэнтныя” бестсэлеры і творы, якія заслугоўваюць большай чытацкай увагі.

Вядоўцы прадставяць свой суб’ектыўны рэйтынг польскіх паэтаў, раманістаў і навелістаў, класікаў і сучасных аўтараў дзіцячай літаратуры, найцікавейшых з’яваў у рэпартажы, а таксама ў дэтэктыве, фэнтэзі ды іншай “жанравай” прозе, дапамогуць лепей зарыентавацца ў знакавых імёнах і тэндэнцыях польскай літаратуры і беларускага перакладу, а таксама падкажуць, як набыць гэтыя выданні праз інтэрнэт.


Запрашаем на сустрэчу ў прамым эфіры 19 траўня а 17-ай на старонцы Польскага Інстытута ў Мінску ў Фэйсбуку


Запрашаем, хто яшчэ не бачыў, паглядзець відэа першай, другой, трэцяй і чацвёртай сустрэч!



Інстытут Польскі ў Мінску