"Зямныя эцюды" Віктара Яраца

Да 70-годдзя гомельскага паэта і выкладчыка Віктара Яраца ў серыі "Кнігарня пісьменніка" Саюза беларускіх пісьменнікаў у выдавецтве "Кнігазбор" выйшла новая кніга.

Спадар Віктар -- літаратуразнавец, крытык, кандыдат філалагічных навук. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1980 года. Свае першыя вершы апублікаваў яшчэ будучы школьнікам, актыўна друкавацца пачаў з 1966 года. 
Акрамя напісання аўтарскіх твораў, займаецца таксама і перакладамі з балгарскіх, літоўскіх, рускіх, украінскіх паэтаў на беларускую мову.

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" сардэчна віншуе Віктара Уладзіміравіча з юбілеем і зычыць ягонай кнізе як мага больш удзячных чытачоў!

Музыка
   
Плывуць, плывуць аднекуль гукі музыкі
ў пачатку восені лагодным, ясным днём
так ціха-ціха, быццай кладкай вузенькай
хтось асцярожна йдзе над ручаём.

Пра што яны і з дрэвамі, і з вокнамі
імкнуцца падзяліцца вышынёй –
і блізкай галубінай, і далёкаю,
якой у шторм гудзе марскі прыбой?

Аб чым яны пад ціўкат вераб’ёў ваколіцы,
праз рык матацыклетных трас крутых
плывуць акорды плаўна, нібы моляцца
за нечы век людскі, за чыйсьці міг?


Віктар Ярац   

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"