№ 73

Перадкалядны нумар часопіса «Дзеяслоў» багаты на глыбокія тэксты і вядомыя імёны. У свежым выданні — новыя вершы Уладзіміра Някляева і Змітра Вішнёва, проза Алеся Пашкевіча і Андрэя Федарэнкі. Таксама вашай увазе — пераклады, літаратуразнаўчыя і гістарычныя даследаванні, мемуары.

Паэзія прадстаўлена, акрамя вышэй згаданых аўтараў, нізкамі Васіля Дэбіша, Наталлі Русецкай, Алены Гінько, Змітра Баяровіча. Дэбютуе з вершамі Мікіта Найдзёнаў.

Проза — Сяргей Абламейка, Дзмітрый Падбярэзскі, Аляксей Філатаў, Марына Яўсейчык.

Пераклады: санеты Бенедыкта Янкоўскага ў перастварэнні з польскай мовы Антона Францішка Брыля і Ганны Янкута; апавяданне ўкраінскай аўтаркі Тані Малярчук загучала па-беларуску дзякуючы Лідзе Наліўка.

У «Спадчыне» — заканчэнне публікацыі студэнцкага дзённіка Рыгора Барадуліна.

Сяргей Шапран прадстаўляе старонкі з новай кнігі — «незавершаную біяграфію» Уладзіміра Някляева.

Эсэістыка ў «Дзеяслове» прысвечаная нашай гісторыка-культурнай спадчыне і слынным беларусам, якія працавалі не толькі на радзіме, але і за яе межамі.

Леанід Галубовіч рэцэнзуе апошні паэтычны зборнік Генадзя Бураўкіна «Нагаварыцца з зоркамі…».

Нумар традыцыйна завяршаецца аглядам беларускіх кніжных навінак.