Аўтару аб праве

Сябры!


Архіў сайта грамадскага аб'яднання "Саюз беларускіх пісьменнікаў", ліквідаванага рашэннем Вярхоўнага суда ад 1.10.2021

Грамадскае аб'яднанне “Саюз беларускіх пісьменнікаў” створана з мэтай абароны творчых правоў, прафесійных інтарэсаў і годнасці пісьменніка, аховы яго творчай спадчыны.

Таму адным з важных пытанняў забеспячэння дзейнасці беларускага пісьменніка бачыцца асветніцтва і дапамога з боку Саюза сваім сябрам у сферы аўтарскага права Беларусі.

Увага! Новы матэрыял! «Хай крадуць!», або Вынікі анкетавання сябраў Саюза беларускіх пісьменнікаў па пытаннях аўтарскага права

Спадзяемся, што ніжэй пададзеная інфармацыя дапаможа вам азнаёміцца з асноўнымі палажэннямі аўтарскага права і вашымі гарантаванымі магчымасцямі рэалізацыі сябе як творцы паводле закона.

ШТО ТАКОЕ АЎТАРСКАЕ ПРАВА І ШТО ЯНО АБАРАНЯЕ?
ХТО ТАКІ АЎТАР?
ЗАКАНАДАЎСТВА Ў СФЕРЫ АЎТАРСКАГА ПРАВА
ЯКІЯ ПРАВЫ МАЕ АЎТАР?
ЯКІ ТЭРМІН ДЗЕЯННЯ АЎТАРСКАГА ПРАВА?
ЯК АБАРАНЯЦЬ СВАЕ ПРАВЫ?
ЧЫМ САЮЗ БЕЛАРУСКІХ ПІСЬМЕННІКАЎ МОЖА ДАПАМАГЧЫ АЎТАРАМ-СЯБРАМ АРГАНІЗАЦЫІ?

ЯК АБАРАНІЦЬ ПСЕЎДАНІМ?
ПЕНСІЯ ДЛЯ ПІСЬМЕННІКА

Што такое аўтарскае права і што яно абараняе?

Аўтарскае права - гэта вялікі набор правоў аўтара і мераў, якія забяспечваюць іх рэалізацыю (практычнае выкарыстанне аўтарам, выкананне трэцімі асобамі). Правы аўтара знаходзяцца пад аховай міжнародных прававых актаў і заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Аб'ектамі аўтарскага права, з якімі працуе і сутыкаецца ў сваёй дзейнасці пісьменнік, з'яўляюцца творы:

  • літаратурныя творы (кнігі, брашуры, артыкулы і інш.);
  • драматычныя і музычна-драматычныя творы і іншыя сцэнарныя творы;
  • музычныя творы з тэкстам і без тэксту;
  • аўдыёвізуальныя творы (кіна-, тэле-, відэафільмы, дыяфільмы і інш.);
  • творы навукі (манаграфіі, артыкулы, справаздачы, навуковыя лекцыі і даклады, дысертацыі, інш.);
  • іншыя творы.

Далей па тэксце будзе выкарыстоўвацца тэрмін “літаратурны твор” як найбольш пашыраны ў дзейнасці пісьменніка.
Аўтарскае права распаўсюджваецца як на апублікаваныя, так і на неабнародаваныя літаратурныя творы, якія існуюць у адвольнай форме:

  • пісьмовай (рукапіс, машынапіс, інш.);
  • вуснай (публічнае вымаўленне, публічнае выкананне і інш.);
  • гука- або відэазапісы (механічная, магнітная, лічбавая, аптычная і інш.);
  • малюнка (малюнак, эскіз, карціна, карта, план, накрыс, кіна-, тэле-, відэа-, фотакадр і інш.);
  • электроннай, у тым ліку лічбавай;
  • у іншай форме.


Хто такі аўтар?

Сама з’ява аўтара, як і аўтарскае права на літаратурны твор, узнікаюць ў аўтара ў моц самога факта стварэння літаратурнага твору і не патрабуюць аніякіх фармальнасцяў ні на пачатку, ні напрыканцы творчага працэсу (рэгістрацыі, паведамлення, сертыфікацыі).

У выпадку стварэння літаратурнага твору на замову наймальнік-не-пісьменнік лічыцца аўтарам.

Аўтарам літаратурнага твору ці іншым праваўладальнікам рэкамендавана паведамляць грамадскасці аб прыналежным выключным праве на літаратурны твор шляхам размяшчэння у кожным асобніку твору наступных трох элементаў:

  • лацінскай літары “C” у акружнасці;
  • імя (назвы) праваўладальніка;
  • году першага апублікавання літаратурнага твору.

Заканадаўства ў сферы аўтарскага права

Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь (Раздзел V “Інтэлектуальная ўласнасць”) | Спампаваць
Закон Республікі Беларусь ад 17 мая 2012 года “Аб аўтарскім праве і сумежных правах” | Спампаваць
Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29.11.2011 № 1610 “Аб мінімальнай стаўцы аўтарскага ўзнагароджання і ўзнагароджання за асобныя працы, звязаныя з выданнем твораў навукi, лiтаратуры і мастацтва” | Спампаваць
Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 13.11.2012 № 1039 “Аб мінімальных памерах і парадку выплаты аўтарскага і іншых відаў ўзнагароджання ў кінематаграфіі” | Спампаваць
Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17.12.2013 № 1095 “Аб зацвярджэнні палажэння аб парадку выплаты аўтарам і іх нашчадкам адлічэнняў ў выпадку публічнага перапродажу арыгіналаў твораў выяўленчага мастацтва, арыгіналаў рукапісаў твораў пісьменнікаў, кампазітараў і навукоўцаў” | Спампаваць

 

Рэспубліка Беларусь удзельнічае ў міжнародных дамовах у сферы аўтарскага і сумежных правоў:
  • Бернская канвенцыя аб ахове літаратурных і мастацкіх твораў 1886 г.;
  • Сусветная канвенцыя аб аўтарскім праве 1952 г.;
  • Дамова Сусветнай арганізацыя інтэлектуальнай уласнасці па аўтарскім праве 1996 г.

Якія правы мае аўтар?

Аўтару ў дачыненні да яго літаратурнага твору належаць два вялікія блокі правоў: асабістыя немаёмасныя і маёмасныя правы аўтара.

Блок 1. Асабістыя немаёмасныя правы аўтара:

  • права аўтарства, гэта значыць права прызнавацца аўтарам літаратурнага твору;
  • права на імя, гэта значыць права выкарыстоўваць або дазваляць выкарыстоўваць літаратурны твор пад сапраўдным імём аўтара, выдуманым імем (псеўданімам) або без пазначэння імя (ананімна);
  • права на недатыкальнасць твору, гэта значыць права, якое вызначае, што без згоды аўтара не дапускаецца ўнясенне ў яго літаратурны твор любых зменаў, скарачэнняў і дапаўненняў. Аўтар мае права пярэчыць супраць усякага скажэння свайго твора, а таксама любога іншага замаху на твор, здольных нанесці шкоду гонару або годнасці аўтара. Пры выкарыстанні твора пасля смерці аўтара асоба, якая валодае выключным правам на твор, мае права дазволіць ўнясенне ў твор зменаў, скарачэнняў і дапаўненняў пры ўмове, што гэтым не скажаецца задума аўтара, не парушаецца цэласнасць ўспрымання твора і гэта не супярэчыць волі аўтара, вызначанай ім у тэстаменце;
  • права на абнародаванне, гэта значыць права апублікаваць або дазваляць апублікаваць літаратурны твор у любой форме. Творы, не апублікаваныя пры жыцці аўтара, могуць быць апублікаваны пасля яго смерці спадкаемцамі, калі абнародаванне не супярэчыць волі аўтара, вызначанай ім у тэстаменце;
  • права на адкліканне, гэта значыць права адмовіцца ад раней прынятага рашэння аб апублікаванні. Права на адкліканне можа быць рэалізавана толькі пры ўмове кампенсацыі карыстальніку прычыненых такім рашэннем страт, уключаючы ўпушчаную выгаду. Калі твор ўжо было апублікаваны, аўтар абавязаны публічна апавясціць аб яго адклiканнi. Пры гэтым ён павінен выкупіць за свой кошт з грамадзянскага звароту раней вырабленыя асобнікі твору.

Ці можа аўтар перадаць асабістыя немаёмасныя правы на літаратурны твор трэцім асобам?

Асабістыя немаёмасныя правы належаць аўтару незалежна ад яго маёмасных правоў і захоўваюцца за ім у выпадку пераходу (перадачы) выключнага права на твор да іншай асобы.Любыя пагадненні, накіраваныя на адмову ад асабістых немаёмасных правоў аўтара, нікчэмныя.

Блок 2. Маёмасныя правы аўтара:

Аўтару ў дачыненні да яго твора або іншаму праваўладальніку належаць выключнае права на твор, а таксама іншыя маёмасныя правы.

Выключнае права на твор азначае права аўтара або іншага праваўладальніка выкарыстоўваць твор па сваім меркаванні ў любой форме і любым спосабам. Пры гэтым аўтару ці іншаму праваўладальніку належыць права дазваляць або забараняць іншым асобам выкарыстоўваць літаратурны твор.

Выкарыстаннем твору прызнаюцца:

  • распаўсюд арыгінала або асобнікаў літаратурнага твора пры продажы ці іншай перадачы права ўласнасці. Калі арыгінал або асобнікі правамерна апублікаванага твору ўведзены з дазволу аўтара ці іншага праваўладальніка ў грамадзянскі зварот на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з дапамогай іх продажу ці іншай перадачы права ўласнасці, то дапускаецца іх далейшы распаўсюд на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь без згоды аўтара або іншага праваўладальніка і без выплаты ім узнагароджання (выключэнне: акром перапродажу (крама, аукцыён, салон, інш.) арыгіналаў рукапісаў літаратурных твораў. У такім выпадку прадавец абавязаны выплаціць аўтару ці праваўладальніку 5 % ад цаны перапродажу (права следавання));
  • імпарт асобнікаў літаратурнага твору, уключаючы асобнікі, зробленыя з дазволу аўтара ці іншага праваўладальніка;
  • публічны паказ арыгінала або асобнікаў літаратурнага твору;
  • іншае формы паведамлення літаратурнага твору для ўсеагульнага ведання;
  • пераклад літаратурнага твору на іншыя мовы;
  • перапрацоўка літаратурнага твору для стварэння вытворнага твора;
  • іншыя магчымыя спосабы выкарыстання літаратурнага твора.

Іншыя маёмасныя правы:

  • аўтар (спадкаемцы аўтара) мае права на атрыманне аўтарскага ўзнагароджання за кожны спосаб выкарыстання літаратурнага твора.

Ці можа аўтар перадаць маёмасныя правы на літаратурны твор трэцім асобам?

Так, безумоўна. Трэба мець на ўвазе, што заканадаўства Рэспублікі Беларусь патрабуе пісьмовага заключэння розных відаў дамоваў паміж аўтарам/праваўтрымальнікам і трэцімі асобамі:

  • Аўтарская дамова
  • Ліцэнзійная дамова
  • Дамова саступкі выключнага права
  • Дамова аб стварэнні і выкарыстанні аб'екта аўтарскага права або сумежных правоў.

Выключэнні: аўтарская дамова аб выкарыстанні літаратурнага твора ў перыядычным друку можа быць заключана ў вуснай форме.

Які тэрмін дзеяння аўтарскага права?

Асабістыя немаёмасныя правы на творы навукі, літаратуры і мастацтва ахоўваюцца бестэрмінова.

Выключнае права на літаратурны твор дзейнічае на працягу жыцця аўтара і 50 (пяцідзесяці гадоў) пасля яго смерці.

Выключнае права на ананімны літаратурны твор або літаратурны твор, які выкарыстоўваецца пад псеўданімам, дзейнічае на працягу 50 (пяцідзесяці) гадоў з моманту першага правамернага апублікавання такога твору або 50 (пяцідзесяці) гадоў з моманту яго стварэння, калі на працягу пяцідзесяці гадоў з моманту яго стварэння яно не было правамерна апублікавана са згоды аўтара.

Як абараняць свае правы?

Аўтары і іншыя праваўладальнікі мае права ажыццяўляць належаць ім выключныя правы на літаратурныя творы (як і іншыя творы) асабіста, у індывідуальным парадку альбо праз арганізацыю па калектыўным кіраванні маёмаснымі правамі. Па стане на 2015 год такая арганізацыя у Беларусі толькі адна – дзяржаўная ўстанова “Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці” - http://www.belgospatent.org.by/

За абаронай правоў аўтары літаратурных твораў і іншыя праваўладальнікі могуць звяртацца ва ўстаноўленым парадку ў судовыя і іншыя органы ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй.

Аўтары ці іншыя праваўладальнікі, зыходзячы са зместу парушанага права і характару правапарушэння, маюць права патрабаваць:

  • прызнання права;
  • аднаўлення становішча, якое існавала да парушэння права;
  • стрымання дзеянняў, якія парушаюць права або ствараюць пагрозу яго парушэння;
  • пакрыцця страт, выплаты кампенсацыі ў памеры ад 10 (дзесяці) да 50 (пяцідзесяці) тысяч базавых велічынь (канчаткова вызначаецца судом);
  • кампенсацыі маральнай шкоды;
  • канфіскацыі матэрыяльных аб'ектаў, з дапамогай якіх парушана выключнае права, і матэрыяльных аб'ектаў, створаных у выніку такога парушэння;
  • абавязковай публікацыі пра дапушчаныя парушэнні з уключэннем у яе звестак пра тое, каму належыць парушанае права.

Справы па спрэчках, якія вынікаюць з прымянення заканадаўства аб аўтарскім праве, падсудныя Вярхоўнаму Суду Рэспублікі Беларусь.

Судовая калегія па справах інтэлектуальнай уласнасці Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь

Адрас: 220030, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск, вул. Леніна, 28

Тэлефон/факс: 327-00-84

Тэлефон: 327-72-12, 327-66-53

E-mail: scjustrb@pmrb.gov.by


Чым СБП можа дапамагчы аўтарам-сябрам арганізацыі?

Вы можаце звяртацца па пытаннях рэалізацыі і абароны сваіх аўтарскіх правоў на пошту Саюз беларускіх пісьменнікаў : law@lit-bel.org.

Саюз можа:

  • скласці праект дамовы па перадачы і выкарыстанні аўтарскіх правоў на літаратурны твор,
  • параіць алгарытм вырашэння сітуацыі ў справе выкарыстання літаратурнага твору (у тым ліку скласці праекты юрыдычных дакументаў (позваў, прэтэнзій, заяў)),
  • праінфармаваць аб аўтарскіх правах і мажлівасцях у канкрэтнай сітуацыі.

Юрыстка Вольга Сямашка, адмыслова для ГА "СБП"