Прэзентацыя кнігі Міхася Зізюка

Спадарства! Вы ведаеце, як трапіць на Кудыкіну гору? 

Калі не ведаеце, то прыходзьце на прэзентацыю кнігі пра звычайнага хлопчыка Янку, які праз цікавыя прыгоды даведваецца пра розныя рэчы ў свеце. Усе гэтыя падзеі запісаў Міхась Зізюк, які і прадставіць сваю кнігу і для маленькіх чытачоў, і для тых, хто яшчэ сам застаўся крышачку дзіцяці.

Падчас свайго ўтульнага творчага вечара пісьменнік распавядзе, што цікавага адбылося ў Янкі, Шмурдзіка, Бухматкі ды іншых. Таксама будуць песні і чытанні. 

Варта адзначыць, што некаторыя грошы на выданне кнігі былі сабраныя праз краўдфандынг. На імпрэзе людзі, якія ахвяравалі на карысць “Янкі, Шмурдзіка, Бухматкі і іншых” атрымаюць падарункі і падзяку.

Бярыце дзетак і прыходзьце самі на прэзентацыю добрай і захапляльнай кнігі. Яна адбудзецца ў сераду 23 снежня а 19 гадзіне ў кнігарні “Галіяфы” па вул. Старавіленская, 6.

Паводле прэс-рэлізу