Прэзентацыя новай кнігі Васіля Жуковіча "Арабінавая ноч"

5 лістапада 2015 года а 17.00 гадзіне ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адбудзецца мерапрыемства Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, прысвечанае прэзентацыі новай кнігі апавяданняў і аповесцяў Васіля Жуковіча  “Арабінавая ноч”. Кніга пабачыла свет у выдавецтве «Кнігазбор» у 2015 годзе.

Яна стала новым выпускам серыі «Кнігарня пісьменніка»  ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў». Творы Васіля Жуковіча карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў чытача, бо ў кожнай  кнізе ўкладзена кропелька душы пісьменніка. З’яўленне новай кнігі ўрачыстая навіна не толькі для прыхільнікаў творчасці Васіля Жуковіча, але і для ўсіх аматараў прыгожага беларускага пісьменства.

Нарадзіўся Васіль Жуковіч 21 верасня 1939 г. у  в. Забалацце на Камянеччыне, скончыў Брэсцкі педінстытут, працаваў у шэрагу газет, на тэлебачанні, у мінскіх выдавецтвах. Васіль Аляксеевіч Жуковіч - вядомы беларускі пісьменнік, выступае ў літаратуры як паэт, аўтар баек, эпіграм, гумарыстычных вершаў.

Аўтар дзясяткаў паэтычных кніг, сярод якіх “Паклон”, “Мелодыя святла”, “Суседства”, “Казачны сад”, “Крылатыя сябры”, “Цана цішыні”, “Твая місія”, “Разняволенне”, “Гуканне вясны”, “Цудоўная краіна”, “Свет - дзівосны”, “У храме хараства і смутку”, “Кахання радасці й пакуты” і інш. Нямала кніг аўтар выдаў для дзяцей: зборнікі загадак «Казачны сад», «Крылатыя сябры», «Нашы памочнікі». На рахунку паэта — і шэраг зборнікаў песняў (музыка беларускіх кампазітараў), і лібрэта оперы-казкі “Пра тое, што было”. Ёсць яшчэ шэраг кніг перакладаў  з украінскай, рускай, польскай, грузінскай ды іншых моваў.

Шырыня творчага дыяпазону і безумоўны талент уражваюць. Новая кніга прозы “Арабінавая ноч”, якая зусім нядаўна ўбачыла свет, не выключэнне, яна заснаваная на жыццёвым досведзе аўтара. Найбольш старонак тут прысвечана апавяданням побытавага характару, але празаік не канцэнтруецца на жыцці пэўнай вёскі альбо на апісанні пэўнага часу: у творах падаюцца эпізоды з даваеннага жыцця заходнебеларускай вёскі, гады нямецкай акупацыі і вывазу беларусаў у Нямеччыну, сталінскія гады ў Мінску, жыццё моладзі шасцідзясятых, а таксама і нашыя часы 2000-х.  “Арабінавая ноч” жанрава разнастайная: у ёй прадстаўленыя і творы малафарматныя – абразкі і апавяданні, вылучаныя ў асобны раздзел, – і больш аб’ёмная аповесць “Пасланне ў іншасвет, альбо Развагі максімаліста”. Чытачы, якія пазнаёмяцца з новай кнігай, застануцца задаволенымі, таму што такога Васіля Жуковіча яны яшчэ не ведалі.

У мерапрыемстве возьмуць удзел Генадзь Вінярскі, Кастусь Цвірка, Анатоль Вярцінскі, Аляксей Рагуля, Вера Буланда, Міхась Тычына і інш.

Прэзентацыя адбываецца ў межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

 

Арганізатары мерапрыемства – Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!”

Кантактны тэлефон: (017) 334-56-21.

Паводле прэс-рэлізу