Фестываль перакладной літаратуры «ПЕРА-к-ЛАД»

Фестываль распачнецца адкрыццём выставы серыі ілюстрацый з кнігі «Птушка ўва мне ляціць куды захоча» аўтарства Сары Лундберг, якая выйшла ў перакладзе Надзеі Кандрусевіч у выдавецтве «Koska» у 2018 годзе.

Сярод удзельнікаў фестывалю беларускія аўтары і перакладчыкі:

Андрэй Хадановіч – паэт, музыка, а таксама перакладчык вершаў і песень. Адзін з перакладчыкаў кніг з серыі «Паэты планеты».

Юлія Цімафеева – паэтка, перакладчыца кнігі «Лета Гармана», а таксама кніг з серыі «Паэты планеты»

Марына Шода – перакладчыца кнігі нобелеўскай лаўрэаткі Вольгі Такарчук «Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых», а таксама шматлікіх іншых польскіх твораў.

Надзея Кандрусевіч – заснавальніца адзінага выдавецтва дзіцячай перакладной літаратуры «KOSKA» і перакладчыца шматлікіх дзіцячых твораў шведскіх пісьменнікаў, ініцыятарка выставы «Птушка ўва мне ляціць куды захоча» у Менску. 

Вядоўца і мадэратар – Альгерд Бахарэвіч. Ён пазнаёміць прысутных з біяграфіяй і творчасцю Грэгара Зандэра, прагучаць урыўкі з яго твораў у перакладзе на беларускую мову. 

З літаратурных навінак: пераклад кнігі «Вядзьмар» Анджэя Сапкоўскага, «Пінокіа» Карла Калодзі, «Пячора» Жазэ Сарамагу, а таксама шэраг новых дзіцячых кніжак.

У вольны ад выступаў час, у кавярні «АvaCava» можна будзе нефармальна пастасавацца з перакладчыкамі.
Выступы будуць перамежаваныя музычнымі і тэатралізаванымі блокамі.