Выстава “Бласлаўлёныя Кушляны Францішка Багушэвіча”


19 сакавіка 2020 года а 17-й гадзіне Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на адкрыццё часовай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі “Бласлаўлёныя Кушляны Францішка Багушэвіча”.

21 сакавіка адзначаецца 180-годдзе з дня нараджэння знакамітага паэта-дэмакрата, публіцыста, грамадскага дзеяча і народнага адваката Францішка Багушэвіча. Сваё 30-годдзе святкуе сёлета і ўнікальны для краіны музей – “Музей-сядзіба Францішка Багушэвіча “Кушляны”.

Цэнтральнай кропкай экспазіцыі з’яўляецца мастацкі вобраз родных мясцін творцы. Сядзіба Багушэвічаў у Кушлянах непарыўна звязана з лёсам пісьменніка: ад першых крокаў і да апошняга ўздыху. Сам Францішак Багушэвіч у вершы “Мая хата” падкрэслівае:

“Не буду мяняцца хоць бы і на замкі, -

Калок свой мілейшы, як чужыя клямкі…”

Блізкія сэрцу Францішка Багушэвіча мясціны, уцалелыя будынкі з усёй прылеглай тэрыторыяй, самі краявіды, дарогі, з якімі было звязана яго жыццё, маюць вялікае значэнне для вывучэння і асэнсавання творчасці пісьменніка. Сярод прадстаўленых на экспазіцыі матэрыялаў – рэдкія фотакарткі і рэчы сям’і пісьменніка, радавод Багушэвічаў, рарытэтныя выданні твораў і бясконцыя краявіды кушлянскага кутка ў фатаграфіях майстроў. Экспазіцыя дае адказ на пытанне, як захавалася і паўплывала на творчасць пісьменніка унікальная сядзіба ХІХ ст.

На адкрыццё запрошаны літаратуразнаўцы, даследчыкі – Язэп Янушкевіч, Кастусь Цвірка; краязнавец, складальнік радавода Багушэвічаў Васіль Юрша; архівіст-гісторык Зміцер Юркевіч і інш.

Падчас адкрыцця выставы будуць агучаны ўмовы сумеснай з Бібліятэкай №14 імя Францішка Багушэвіча акцыі “Дудка грае”.

Запрашаем убачыць “Бласлаўлёныя Кушляны” аўтара першага літаратурнага маніфеста і легендарных слоў “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!”.

Уваход на адкрыццё вольны (у астатнія дні згодна прэйскуранту)

Месца правядзення: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

(вул. М. Багдановіча, 13)