Абламейка Сяргей Паўлавіч
Сяргей Абламейка — беларускі журналіст, пісьменнік, доктар гістарычных навук.
Нарадзіўся 15 кастрычніка 1962 г. у Мінску. Скончыў гістарычны факультэт БДУ і дактарантуру Каталіцкага ўніверсітэта ў Любліне. Быў рабочым на МАЗе, выкладаў гісторыю ў школе, працаваў у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, і ў Нацыянальным навукова-даследчым цэнтры імя Францішка Скарыны. Быў актывістам «Талакі» і іншых нефармальных моладзевых аб’яднанняў.[1]
У 1990 годзе стаў адным з стваральнікаў часопіса «Унія» і ініцыятарам аднаўлення Грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі. Быў першым кіраўніком грэка-каталіцкай парафіяльнай супольнасці ў Мінску.
З 1990 года — карэспандэнт «Радыё Свабода» ў Мінску. З 1995 года жыве ў Празе і працуе ў «Радыё Свабода».
Аўтар цыклаў гістарычных і культуралагічных перадач «Terra Incognita» і «Беларускія раздарожжы», шматгадовы аўтар перадачы «Сымбаль Веры» на «Радыё Свабода».