Адамчык Уладзімір Вячаслававіч
(Адам Глобус, Adam Hlobus) Удзельнік Таварыства «Тутэйшыя» (1986—1990). Лаўрэат расійскай літаратурнай прэміі “Югра” ў намінацыі “Славянская кніга” ( 2009), за кнігу "Сказы" ўганараваны трэцім месцам у прэміі імя Ежы Гедройца за 2012 г.
Нарадзіўся 29 верасня 1958 г. у сям'і пісьменніка В. Адамчыка.
З 1959 жыве Мінску. Скончыў педагагічнае аддзяленне Мінскага мастацкага вучылішча (1977), Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі ўніверсітэт (1983). Працаваў чарцёжнікам, мастаком-рэстаўратарам, мастаком-афарміцелем, рэдактарам у часопісе «Родник» (з 1987). Цяпер займаецца выдавецкай дзейнасцю (выдавецтва «Сучасны літаратар»). Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1988), СП БССР (з 1989). Працуе ў галіне паэзіі і прозы.
Бібліяграфія
У друку пачаў выступаць з вершамі ў 1981 (газета «Літаратура і мастацтва», часопіс «Маладосць»). Аўтар кніг «Парк» (паэзія, 1988), «Адзінота на стадыёне» (зборнік апавяданняў, 1989), «Смерць — мужчына» (1992), «Скрыжаванне» (1993), «Дамавікамерон» (1994), «Толькі не гавары маёй маме» (1995), «Койданава» (1997), «Новы дамавікамерон» (1998), «Post scriptum» (1999), «Тэксты» (зборнік усіх папярэдніх кніг, 2000), «Браслаўская стыгмата» (2001), «Сшыткі» (2003), «Дом» (2005), «сУчаснікі» (2006), «Літары» (2006), «Play.by» (2009). Публікаваўся ў складзе зборнікаў «Тутэйшыя» (зборнік твораў удзельнікаў Таварыства «Тутэйшыя», 1989), «Круглы год» (зборнік хоку беларускіх аўтараў, 1996), «Сучасная беларуская проза» (зборнік, 2003).
Вершы і апавяданні А. Глобуса перакладзены на асноўныя мовы свету, а таксама на асецінскую і каталонскую, друкаваліся ў Вялікабрытаніі, Германіі, Славеніі, Чэхіі, Польшчы і Расіі («Оборотни» (1991), «Demonokameron» (1993), «Лирика by» (выбраныя паэтычныя і празаічныя творы ў рускім перакладзе, 2007)).