Бароўскі Анатоль Мікалаевіч
Празаік, лаўрэат прэміі "Воін святла" імя Міхася Жызнеўскага (2016).
Бароўскі Анатоль, нарадзіўся 12.05.1942 г. у вёсцы Крушнікі Мазырскага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і настаўніка.
Пасля заканчэння Асавецкай сярэдняй школы Мазырскага раёна (1960) працаваў у калгасе, потым на заводзе жалезабетонных вырабаў у Мазыры, настаўнікам пачатковых класаў у вёсцы Турбінка Мазырскага раёна. У 1961-1962 гг. - студэнт Мазырскага педагагічнага інстытута (скончыў завочна ў 1967). У 1962-1964, 1968-1970 гг. служыў у Савецкай Арміі. Працаваў у мазырскай раённай газеце «Камуніст Палесся» адказным сакратаром гарадскога таварыства «Веды», інструктарам гаркома партыі, намеснікам дырэктара навучальні геалогіі (Мазыр). З 1975 г. - уласны карэспандэнт газеты «Чырвоная змена» па Гомельскай і Берасцейскай абласцях. Сябра СП СССР з 1990 г.
Больш за дваццаць гадоў займаў пасаду старшыні Гомельскага аддзялення ТБМ імя Францішка Скарыны, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" (2011 - 2021).
Творчы шлях
Друкавацца пачаў з 1961 года, змясціўшы першыя вершы ў раённай петрыкаўскай газеце.
Падчас службы друкаваў свае апавяданні, вершы і нарысы ў газетах "Чырвоная змена" і ў газеце Групы Савецкіх войскаў у Нямеччыне (ГСВГ) "Савецкая Армія". Нарыс "Іван Нахаба" заняў другое месца ў конкурсе, які аб"явіла вайсковая газета.
У 1979 годзе надрукаваў аповесць "Тросніца" у часопісе "Маладосць" №3. Рэдактарам быў слынны паэт Генадзь Бураўкін, які ўбачыў “нешта” ў прапанаванай аповесці і даў ёй “зялёнае святло”.
У 1980 годзе выйшла ў свет кніга "Надзейная змена" у выдавецтве "Беларусь".
У гэтыя гады друкуе свае нарысы ў рэспубліканскіх газетах і часопісах. За нарыс "Поле Радкевічаў"(1980) стаў лаўрэатам прэміі часопіса "Маладосць".
У 1982 годзе аповесць "Тросніца" выйшла ў выдавецтве "Мастацкая літаратура".
Часопіс "Маладосць" надрукаваў у 1986 годзе (№7) аповесць "Да свайго берага".
"Цветут над Припятью сады" – пад такой назвай на расейскай мове ў сааўтарстве з Ю.Герасіменкам у выдавецте "Полымя" выдаў кнігу ў 1987 годзе.
У выдавецтве "Мастацкая літаратура" у 1987 г. выйшла кніга прозы (аповесці і апавяданні) "Каліна пад акном".
У тым жа выдавецтве ў 1994 г. выдаў кнігу прозы (аповесці і апавяданні) "Азірніся ў каханні".
У сааўтарстве з А.Бачурынскім (дырэктарам Гомельскай ЦЭЦ-2) выдаў літаратурна-публіцыстычную кнігу"Цеплыня" – 1996 г.
"Чорны бусел – белы цень" – кніга публіцыстыкі пра энергетыкаў гомельшчыны, якія працавалі ў чарнобыльскай зоне, – выйшла у 1997 годзе ў выдавецтве "Мастацкая літаратура" і была вылучана на дзяржаўную прэмію імя К.Каліноўскага. Прэмію не атрымала.
У выдавецтве "Мастацкая літаратура" ў 2002 годзе ўбачыла свет кніга фантастычна-фантасмагарычных аповесцяў і апавяданняў "Пякельны рай».
У першай кніжцы 2003 года часопіса “Маладосць” надрукавана аповесць “Сцеражыся майго гневу”(часопісны варыянт).
У другім нумары часопіса “Полымя” 2003 года расказаў пра свой родны горад Мазыр – нарыс “Бурштынавы бераг Прыпяці”.
Выдаў кнігу вершаў "Заручуся з бліскавіцай".
Пераклаў свой жа раман “Искушение”на расейскую мову, выдаў у менскім выдавецтве “Асобны”.
“Будуем заўтрашні дзень” – кніга (2008 год) публіцыстыкі пра працоўны калектыў “Белэнергабуд”, што знаходзіцца ў Менску.
Выдаў дакументальны раман “Мы – Юніцкія” пра вынаходніка Анатоля Юніцкага, акадэміка Расейскай Акадэміі навук.
У папках рабочага стала ляжыць дзесяць аповесцяў, якія не ўключаліся яшчэ ні ў адну кнігу і не друкаваліся, – чакаюць свайго часу і свайго выдаўца. Таму вырашыў выдаць два тамы сваіх твораў, якія не выходзілі асобнымі кнігамі, а друкаваліся ў часопісах у розныя гады.
Бібліяграфія
«Надзейная змена» (1976) «Тросніца» (калектыўны зборнік «Знаёмства», 1982) «Мікалай Пушкар» (1985) «Каліна пад акном» (1987) «Цветут над Припятью сады» (з Ю. Герасіменкам, 1987).