Чарнякевіч Ціхан Валер'евіч
Літаратуразнаўца, крытык, перакладчык, архівіст, эсэіст.
Ціхан Чарнякевіч нарадзіўся 22.01.1986 у Пінску. Вучыўся ў пінскай СШ №15, на факультэце беларускай філалогіі і культуры БДПУ імя М. Танка па спецыяльнасці “Беларуская мова і літаратура. Журналістыка”, скончыў магістратуру і аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры БДПУ. Фіналіст літаратурнага конкурсу імя У. Караткевіча Беларускага ПЭН-цэнтра (2005).
З 2007 года выступае як крытык і літаратуразнаўца.
Працаваў пасля ўніверсітэта ў аддзеле крытыкі “ЛіМа” на запрашэнне Леаніда Галубовіча (2008-2011). Пасля яго сыходу на пенсію нейкі час загадваў аддзелам крытыкі “ЛіМа”. У 2011-2015 працаваў у часопісе “Маладосць” у аддзеле крытыкі. На пачатку 2015 г. працаваў у Беларускім ПЭН-Цэнтры, з верасня 2015-га – у прэс-службе Саюза беларускіх пісьменнікаў.
З 2007 года рэгулярна друкуе крытычныя артыкулы пра сучасную беларускую літаратуру ў “Ліме” і “Маладосці”, “Дзеяслове”, “Літаратурнай Беларусі”, на сайтах Букстэр, Радыё Свабода, Будзьма.
Пераклаў з украінскай “Лагерны сшытак” Васіля Стуса (“Дзеяслоў”), з польскай – некалькі дзясяткаў вершаў Тадэвуша Ружэвіча (“ЛіМ”).
Аўтар электроннага бібліяграфічнага даведніка «Пераклады твораў замежнай літаратуры ў часопісе „Крыніца“ (1988—2003)» (Мінск, 2010), укладальнік і каментатар кніг «Максім Багдановіч: вядомы і невядомы» (Мінск, 2011) (за якую атрымаў Грамату Міністра культуры, вернутую пазней яму ў знак пратэсту супраць паніжэння статусу Літаратурнага музея Максіма Багдановіча) і «Лявон Савёнак „Творы“» (Мінск, 2012, разам з Лявонам Юрэвічам).
Каментаваў і рэдагаваў выбраныя творы Юркі Віцьбіча “Лшоно Габоо Бійрушалайм” (2011), у супрацы каментаваў і пісаў пасляслоўе да перавыдання “Эпізодаў” Яўхіма Кіпеля (2013), разам з Наталляй Гадзіенкай складаў і рэдагаваў “літаратурны” №35 альманаха “Запісы БІНІМ”.
Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2016 года.