Дубоўскі Валер Леанідавіч
У 1966 г. у гэтым горадзе скончыў сярэднюю школу № 10 імя К. С. заслонава і паступіў на філалагічны факультэт БДУ імя У. І. Леніна. Служыў у Савецкай Арміі ў 1968 – 70 гадах, дзе быў узнагароджаны медалём.
Працягнуў вучобу завочна на факультэце журналістыкі БДУ, які скончыў у 1976 г. З 1970 г. працаваў у рэдакцыях раённых газет „Днапроўская праўда” (г. Дуброўна), „Красное знамя” (г. Ашмяны) літаратурным супрацоўнікам, загадчыкам аддзелаў, адказным сакратаром. У 1978 г. прызначаны рэдактарам газеты „Полымя” (г. п. Карэлічы).
Пасля вучобы ў 1980 – 82 гг. у Мінскай вышэйшай партыйнай школе – загадчык аддзела, намеснік рэдактара абласной газеты„Мінская праўда”. У 1987 – 1989 гг. – інструктар ідэалагічнага аддзела ЦК КПБ. У 1989 г. выбраны на конкурснай аснове дырэктарам выдавецтва „Беларусь”. Адначасова на грамадскіх пачатках з’яўляўся старшынёй савета дарэктараў дзяржаўных выдавецтваў, старшынёй праўлення рэспубліканскага таварыства „Кніга”.
З 1993 г. – прадпрымальнік, дырэктар камерцыйных прадпрыемстваў, з 1995 г. – заснавальнік, кіраўнік, галоўны рэдактар, старшыня сходу акцыянераў выдавецтва і друкарні „Юніпак”. Упершыню ў краіне выдавецтва перавыдала „Катэхізіс” Сымона Буднага, Біблію („Пяцікніжжа”) у перакладзе на беларускую мову айца Уладзіслава Чарняўскага, „Гіпіку” Крыштофа Монвіда Дарагастайскага.
Першыя паэтычныя спробы зроблены яшчэ ў пачатковай школе. У старэйшых класах некаторыя вершы адзначаліся на радыё — у праграме „Рамантыкі”. Літаратурную творчасць прыпыніў у васьмідзесятыя годы і вярнуўся да яе ў 2003 г.
Першай публікацыяй стаў верш „Піце беларускае!” для рэкламнага плаката, зробленага разам з мастаком Паўлам Татарнікавым і надрукаванага банкам (Priorbank, 1999 г.) з нагоды прэзентацыі беларускіх гатункаў піва, наладжанай для амбасадараў замежных краін у Беларусі.
Вершы публікаваліся ў часопісе „Дзеяслоў” (№ 52), газеце „Новы час”, у карпаратыўным насценным перакідным календары „Лялькі, альбо музыка кахання” (у 2009 г. – пераможца ў Рэспубліканскім конкурсе „Мастацтва кнігі” у сваёй намінацыі).
У траўні 2013 г. выйшла ў свет кніга паэзіі „На пачатку маўчання”.
З 1970 г. жанаты на Данілевіч Але Антонаўне. Мае двух дарослых сыноў – Андрэя і Максіма, унука Леаніда.
Прафесійна займаецца дызайнам, фатаграфіяй, мае публікацыі, персанальныя выставы. Аматар музыкі, жывапісу, спорту. Некаторы час працаваў акампаніятарам у піянерскім лагеры, мастаком – афарміцелем на прадпрыемстве, у доме культуры, мастацкай майстэрні. З 1977 г. з’яўляўся членам Саюза журналістаў СССР.
Старшыня сходу акцыянераў выдавецтва ЗАТ „Юніпак”.