Дубоўскі Валер Леанідавіч

Дубоўскі Валер Леанідавіч

Дубоўскі Валер Леанідавіч

Дубоўскі Валер Леанідавіч

Дубоўскі Валер Леанідавіч нарадзіўся 4. 06. 1948 г. у вёсцы Хацькова Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сям’і настаўнікаў. Бацькі пасля выкладчыцкай працы ў Жукнеўскай сярэдняй школе Талачынскага раёна пераехалі жыць у Оршу ў 1959 г.

 У 1966 г. у гэтым горадзе  скончыў сярэднюю школу № 10 імя К. С. заслонава і паступіў на філалагічны факультэт БДУ імя У. І. Леніна. Служыў  у Савецкай Арміі ў 1968 – 70 гадах, дзе быў узнагароджаны медалём.

 Працягнуў вучобу завочна на факультэце журналістыкі БДУ, які скончыў у 1976 г. З 1970 г. працаваў у рэдакцыях раённых газет „Днапроўская праўда” (г. Дуброўна), „Красное знамя” (г. Ашмяны) літаратурным супрацоўнікам, загадчыкам аддзелаў, адказным сакратаром. У 1978 г.         прызначаны рэдактарам газеты „Полымя” (г. п. Карэлічы).

 Пасля вучобы ў 1980 – 82 гг. у Мінскай вышэйшай партыйнай школе – загадчык аддзела, намеснік рэдактара абласной газеты„Мінская праўда”. У 1987 – 1989 гг. – інструктар ідэалагічнага аддзела ЦК КПБ. У 1989 г. выбраны на конкурснай аснове дырэктарам выдавецтва „Беларусь”. Адначасова на грамадскіх пачатках  з’яўляўся старшынёй савета  дарэктараў дзяржаўных выдавецтваў, старшынёй праўлення рэспубліканскага таварыства „Кніга”.

 З 1993 г. – прадпрымальнік, дырэктар камерцыйных прадпрыемстваў, з 1995 г. – заснавальнік, кіраўнік, галоўны рэдактар, старшыня сходу акцыянераў выдавецтва і друкарні „Юніпак”. Упершыню ў краіне выдавецтва перавыдала „Катэхізіс” Сымона Буднага, Біблію („Пяцікніжжа”) у перакладзе на беларускую мову айца Уладзіслава Чарняўскага, „Гіпіку” Крыштофа Монвіда Дарагастайскага.

Першыя паэтычныя спробы зроблены яшчэ ў пачатковай школе. У старэйшых класах некаторыя вершы адзначаліся на радыё — у праграме „Рамантыкі”. Літаратурную творчасць прыпыніў у васьмідзесятыя годы і вярнуўся да яе ў 2003 г.

 Першай публікацыяй стаў верш „Піце беларускае!” для рэкламнага плаката, зробленага разам з мастаком Паўлам Татарнікавым і надрукаванага банкам (Priorbank, 1999 г.) з нагоды прэзентацыі беларускіх гатункаў піва, наладжанай для амбасадараў замежных краін у Беларусі.

 Вершы публікаваліся ў часопісе „Дзеяслоў” (№ 52), газеце „Новы час”,  у карпаратыўным насценным перакідным календары „Лялькі, альбо музыка кахання” (у 2009 г. – пераможца ў Рэспубліканскім конкурсе „Мастацтва кнігі” у сваёй намінацыі).

 У траўні 2013 г. выйшла ў свет кніга паэзіі „На пачатку маўчання”.

 З 1970 г. жанаты на Данілевіч Але Антонаўне. Мае двух дарослых сыноў – Андрэя і Максіма, унука Леаніда.

 Прафесійна займаецца дызайнам, фатаграфіяй, мае публікацыі, персанальныя выставы. Аматар музыкі, жывапісу, спорту. Некаторы час працаваў акампаніятарам у піянерскім лагеры, мастаком – афарміцелем на прадпрыемстве, у доме культуры, мастацкай майстэрні. З 1977 г. з’яўляўся членам Саюза журналістаў СССР.

Старшыня сходу акцыянераў выдавецтва ЗАТ „Юніпак”.

Асабістыя старонкі сяброў СБП

Паказаць увесь спіс