Еўмянькоў Віталь Іванавіч
Пісьменнік, перакладчык, літаратуразнаўца, выкладчык.
Віталь Іванавіч Еўмянькоў нарадзіўся 5 чэрвеня 1977 года ў Магілёве. Пасля заканчэння Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова служыў у войску. Затым – каляіна выкладчыцкага і навуковага жыцця. Закончыў аспірантуру і абараніў дысертацыю пад кіраўніцтвам выдатнага навукоўца і педагога Івана Шпакоўскага. Зараз выкладае ў МДУ імя А. Куляшова. Сфера інтарэсаў: усё, што так або інакш звязана з Рэччу Паспалітай і Вялікім Княствам Літоўскім. Аўтар больш як 100 навуковых артыкулаў.
Выйшлі з друку яго манаграфія, прысвечаная беларускай іпастасі паэта Адама Міцкевіча, і аповесць “Пялёсткі белай ружы”, у якой пераствараны сюжэт “Пана Тадэвуша”. Друкаваўся ў часопісе “Маладосць”. Перакладае з польскай мовы. Займаецца рэдактарскай і журналісцкай дзейнасцю.