Гардзіенка Наталля Сяргееўна
(дзявоч. прозвішча Арлова), гісторык, кандыдат гістарычных навук, аўтарка навуковых кніг.
Нарадзілася 6 ліпеня 1977 г. у г. Мінску. Вучылася ў школах Мінску, Саны (Йемен), Ліды. Скончыла Ліцэй БДУ. У 1994 г. паступіла на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Спецыялізавалася на кафедры Гісторыі Беларусі Старажытнага часу і Сярэдніх вякоў, займалася беларускай гісторыяй XVIII ст. Атрымаўшы дыплом, цягам некалькіх месяцаў працавала ў адной з мінскіх школ настаўніцай гісторыі.
У 1999 г. паступіла ў аспірантуру БДУ. У лютым 2003 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму “Становішча жанчыны-шляхнцянкі ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVIII ст.”.
Па сканчэнні аспірантуры працавала ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, дзе спачатку была выкладчыцай кафедры гуманітарных дысцыплін, а ад 2004 г. займала пасаду дэкана факультэта. Пазней у 2010 г. стала прарэктарам па вучэбнай працы. Ад 2011 г. працуе дацэнтам кафедры ў Інстытуце парламентарызму і прадпрымальніцтва.
З 2002 г. цікавіцца гісторыяй беларускай эміграцыі.
Сябра управы Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, сябра Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.
Бібліяграфія
Аўтарка кніг “Беларусы ў Аўстраліі: Да гісторыі дыяспары” (Мінск, 2004), “Беларусы ў Вялікабрытаніі” (Мінск, 2010), “Рада БНР: Падзеі. Дакументы. Асобы” (сумесна з Лявонам Юрэвічам, Мінск, 2013) ды каля сотні артыкулаў. Адказны рэдактар альманаха “Запісы Беларускага інстытута навукі і мастацтва”. Удзельнічае ў рэдагаванні выданняў кніг серыяў “Беларуская мемуарная бібліятэка”, “Бібліятэка Бацькаўшчыны”, “Галасы Айчыны”.